Прагноз вынікаў выбараў ад Еўрарадыё спраўдзіўся на 94%
Мы выбралі прозвішчы будучых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў яшчэ 23 жніўня, праз некалькі гадзін пасля рэгістрацыі кандыдатаў.
“Мы не будзем каментаваць выбар выбаршчыкаў. Гэта няўдзячная справа. Калі маеце канкрэтныя пытанні, то задавайце, стаўце. Волевыяўленне выбаршчыкаў? Цалкам магчыма”, — так адказала Лідзія Ярмошына на пытанне Еўрарадыё, чаму ў Беларусі так проста і хутка выбіраюць дэпутатаў, хоць іх выбарчую кампанію вельмі складана назваць актыўнай.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў адбыліся ва ўсіх акругах. Абраныя 109 дэпутатаў са 110. Толькі Навабеліцкая акруга Гомеля засталася без свайго прадстаўніка ў парламенце: там сябра ЛДП не здолеў набраць неабходныя 50% плюс адзін голас, а праўладны кандыдат з незразумелых прычынаў зняўся за 5 дзён да выбараў. Ва ўсіх астатніх акругах як мінімум адзін кандыдат набраў больш за 50% галасоў. Гэта пры тым, што ў сусветнай практыцы для палітыка выдатным лічыцца вынік у 35-40% галасоў. Нават Барак Абама перамагае з вынікам крыху большым за 50%.
У чым сакрэт? На начной паслявыбарнай прэс-канферэнцыі Лідзія Ярмошына расказала, што справа ў кандыдатах. А таксама ў нізкім конкурсе.
“Моцныя кандыдаты, насамрэч. Ну, і конкурс у нас быў невялікі — менш за 3 чалавекі на месца. Плюс 16 безальтэрнатыўных акруг”.
Хто ведае, можа і так. Аб прадказальнасці вынікаў выбараў можа сведчыць хаця б прагноз Еўрарадыё, зроблены ў дзень рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. Са 110 кандыдатаў мы правільна назвалі прозвішчы 103. Было б больш, калі б не нечаканая адмова ад удзелу ўжо былога дарадцы Лукашэнкі Ігара Пракапенкі, які балатаваўся ў згаданай Навабеліцкай акрузе. Не спраўдзіліся нашы надзеі на галоўнага ўрача 18-й мінскай паліклінікі Вадзіма Касцюкова і намесніка галоўнага ўрача Маладзечанскага раённага шпіталя Таццяну Шамадзі. Іх перамаглі сябра КПБ, дэпутатка Палаты прадстаўнікоў папярэдняга склікання Валянціна Леаненка і дырэктар акцыянернага таварыства “Бярэзінскае” Станіслаў Кулеш.
Аляксандр Цэцоха, супрацоўнік Віцебскага медыцынскага каледжа, перамог Аляксандра Дзядзінкіна, які кіруе навукова-даследчым цэнтрам у Віцебскім універсітэце. Не спраўдзіўся прагноз яшчэ ў трох акругах.
А наогул прагноз Еўрарадыё, зроблены толькі на аснове месца працы кандыдатаў, калі яшчэ нават ні іх біяграфіі, ні звесткі аб прыбытках і маёмасці не былі вядомыя, спраўдзіўся на 94%. Такому выніку могуць пазайздросціць цэлыя аналітычныя інстытуты.