Ратаваць спорт пачалі са скарачэння чыноўнікаў і алімпійскага рэзерву

Першапачаткова тройца галоўных чыноўнікаў у беларускім спорце (міністр Аляксандр Шамко, першы віцэ-прэзідэнт НАК Ігар Рачкоўскі і памочнік прэзідэнта Максім Рыжанкоў) выклалі свой план па адраджэнні спартовай галіны прэзідэнту. Атрымалі згоду.

Распачалі спартовыя рэформы са скарачэнняў.

Сёння структура апарата кіравання Мінспорту складаецца з 148 чалавек. Новая ж схема будзе ўключаць 107 дзяржслужбоўцаў, — прыводзіць лічбы міністр Аляксандр Шамко. —  Будзе перафарматавана структура дырэктарата нацыянальных каманд, бо яе эфектыўнасць нізкая. Дзяржтрэнеры, у нас іх 58, у шэрагу відаў спорту выступаюць начальнікамі каманд, адміністратарамі. У новай схеме будзе 15 дзяржтрэнераў. Кожны з іх будзе весці некалькі відаў спорту і распрацоўваць у іх палітыку”.

Падлічыў міністр, што ў вучылішчах алімпійскага рэзерву зашмат ратоў, якія на выхадзе не прыносяць медалёў. Скарачэнні плануюць правесці і там, і ў дзіцяча-юнацкіх школах.

Аляксандр Шамко: “У нас на сёння каля 3600 навучэнцаў у 12 вучылішчах. На сёння аптымальная лічба навучэнцаў магла б быць ад 500 да 700 чалавек, а колькасць вучылішчаў — 8. Важным момантам застаецца падрыхтоўка рэзерваў. У дзіцяча-юнацкіх школах прынцып павінен быць не набору, а адбору. Трэба размежаваць тых, хто будзе рыхтавацца да спорту высокіх дасягненняў, і тых, хто захоча займацца фізкультурай. Рыхтавацца да вялікага спорту павінна каля 18-20% ад тых, хто трэніруецца сёння. Яшчэ частка навучэнцаў пяройдзе ў галіну адукацыі".

Гучныя допінг-скандалы, якія каторы год скалынаюць беларускі спорт, прывялі да планаў змяніць заканадаўства. Дойдзе да крымінальнай адказнасці. 

 “У мінулым годзе было прынята рашэнне аб надаванні ў будучыні міжнароднага статусу нашай антыдопінгавай лабараторыі, — дадае міністр. — У наступным годзе будзе ўзята каля 3000 допінг-пробаў. Такім чынам, мы выканаем міжнародныя патрабаванні, неабходныя для акрэдытацыі лабараторыі. Узмацненне антыдопінгавага кантролю дае вынікі. Не трэба шарахацца, але восем спартсменаў былі ў гэтым годзе злоўлены на допінгу”.

Памочнік прэзідэнта па пытаннях спорту Максім Рыжанкоў патлумачыў дзяржаўнае бачанне паняцця ідэалогіі.

“Размаўлялі мы з прэзідэнтам і пра тое, што сёння спорт — гэта і важны элемент ідэалогіі. Што тут казаць, калі пустыя трыбуны, абыякавасць чыноўнікаў ці, наадварот, поспехі — гэта ўсё ацэньваецца насельніцтвам і ў цэлым фарміруе вобраз і дзяржавы, і прэзідэнта”.

Падчас прэзентацыі праграмы развіцця фізічнай культуры і спорту тры кіраўнікі спартовай галіны паведамілі пра тое, што ХЛ “Дынама-Мінск” не збіраюцца адклікаць з КХЛ, яшчэ раз разграмілі і зганьбілі беларускі хакей. А таксама выказаліся пра намер аддаць шосты навучальны дзень у адукацыйных установах пад заняткі фізкультурай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі