Вайцюшкевіч прэзентаваў новы альбом з агнём, вадой, крывёй ды алкаголем

121122_malina_vajcu6kevi4.mp3

Прэзентацыі музычных альбомаў у выстаўнай галерэі — з’ява даволі рэдкая, але не для нашай краіны і не для Галерэі Ў”. Тым больш, калі гэта Зміцер Вайцюшкевіч і альбом на вершы польскага паэта Рафала Ваячка — дэбашыра ды алкаголіка, які скончыў жыццё самагубствам у 25 гадоў.

Нягледзячы, што дыск ствараўся разам з WZ-Orkiestra, выступ прайшоў сольна. Першыя хвіліны ламаныя гітарныя рыфы, рытмічна няроўны вакал, босыя ногі ды плашч, накінуты на белыя рубашку і нагавіцы, чымсьці нагадвалі сольнікі Пятра Мамонава, хіба толькі, міміка ў Змітра менш багатая. Але гэта былі першыя хвіліны, пасля якіх усе паралелі зніклі і новы вобраз спевака прыжыўся. Праўда, у некаторых наведвальнікаў разумення ён так і не атрымаў.

“Што гэта было, апошні канцэрт мне вельмі спадабаўся, а гэта… проста час згубіла, — размаўляюць паміж сабой тры жанчыны на выхадзе з галерэі. — Ну, ні мелодыі не чуваць, ні голасу, ён жа нешта ляпаў па струнах і чытаў вершы! Хіба толькі цікавая ідэя з белай тканінай ззаду, а так…”

Дарэчы, ідэю візуалізацыі альбома падказаў рэжысёр, педагог ды кіраўнік тэатра “КампаніяАндрэй Саўчанка. “Заднік” за выканаўцам увесь час рухаўся, з яго вылазілі твары, целы, бутэлькі, з’яўлялася кроў, вада, агонь… Пасля прэзентацыі Зміцер прызнаўся, што для яго было вельмі складана не забыцца на тэатральныя элементы, зрабіць усё дакладна, як запланавана, а агнём ён, нават, крыху абпаліў пальцы.

“Я прадугледжваю, што людзі будуць казаць: Зноў смурняк, давайце пазітыўчыку, ска якога, — дзеліцца думкамі наконт уласнай працы Зміцер Вайцюшкевіч. — Але паэзія Ваячка прадугледжвае і разладжаную гітару, і нейкія шчырыя выказванні, бо стэрылізацыя тут ні пры чым. Не хачу нават параўноваць яго з чыстым, прыўкрасным паэтычным светам, бо менавіта такім ён мне падаецца цікавым”.

Цяпер Вайцюшкевіч плануе прасоўваць новую праграму на Захад, у Польшчу. Праўда, прызнаецца, што не разлічвае на шырокую папулярнасць, маўляў, паэзія Ваячка, гэтак жа, як і Маякоўскага, не прадугледжвае масавасці ці нейкіх буйных зменаў у жыцці. Што ж тычыцца больш шырокай прэзентацыі разам з музыкамі WZ-Orkiestra, то ў Беларусі бліжэйшым часам Зміцер яе не бачыць.

“Калі здымуць гэтыя “расстрэльныя спісы”, мы будзем думаць пра прэзентацыю, а пакуль што… — разважае выканаўца, і знаходзіць у такой сітуацыі свае плюсы. — Нам увесь час ставяць нейкія ўмовы, з якіх мы мусім выкручвацца і пераўтвараць гэта ў нейкі твор мастацтва. У прынцыпе, сённяшняе прадстаўленне было дзякуючы забаронам, бо інакш я, напэўна, ніколі б не падумаў пра такую тэатральшчыну, каб зрабіць незвычайна ды каб не было прэзідыуму”.

Нягледзячы на незадаволенасць некаторых наведвальнікаў, размаўляць са Змітром пасля прэзентацыі было немагчыма, бо выстраілася чарга за аўтографамі, пацісканнем рукі і выказваннем падзяк. Мы таксама ўзялі аўтограф і, праціскаючыся праз шчыльны натоўп, пайшлі пераварваць убачанае ды пачутае за келіхам віна.

Набыць калекцыйны CD "Ваячак" з аўтографам Змітра Вайцюшкевіча можна ў інтэрнэт-краме www.prastora.by.

Фота: budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі