Выкладчык беларускай мовы і па-руску размаўляе з цяжкасцямі
Еўрарадыё гутарыць з нігерыйцам, якога беларускія СМІ ўжо абвясцілі настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, а сам ён вучыўся дзеля інтарэсу.
"Скажи прямо, скажи мне на русский язык, чтобы я мог точно понять", — студэнт з Нігерыі Ігвэбіке Тэйлар Айке зорка байнэта, тэарэтычна ён можа выкладаць… беларускую мову і літаратуру.
Еўрарадыё пацікавілася, чаму нігерыец вырашыў вывучаць мову? Ён чамусьці не хоча размаўляць: "Слушай друг, я не готов к этому". Але ўсё ж пагаджаецца адказаць на пару пытанняў па-руску.
Ігвэбіке Тэйлар Айке: "Это интересно, ради интереса. Это очень приятно, что я могу сказать, что я это изучал. Несмотря, что я не могу говорить. Но на русском тоже можно отвечать. Мне хотелось поближе познакомиться с Беларусью и культурой".
Каб даведацца больш пра студэнта з Нігерыі, звяртаемся да дырэктара Цэнтра беларускай мовы і літаратуры пры Віленскім педагагічным універсітэце Лілеі Плыгаўкі.
"Ён ужо больш за 10 гадоў жыве ў Беларусі. Грамадзянства захоўвае сваё, жанаты з беларускаю. У яго ёсць адна вышэйшая адукацыя, у Маскве ён вучыўся на сельскай гаспадарцы, потым пераехаў у Беларусь".
Тэйлар чытае і піша добра на мове, а вось размаўляць цяжэй. Таму яму ішлі насустрач і працэнтаў 40 праграмы дазвалялі адказваць па-руску і па-англійску.
Лілея Плыгаўка: "Зразумела, для яго вельмі цяжка. Вы ж зразумейце самі. Ён у прынцыпе і па-руску з цяжкасцю размаўляе. Па некаторых прадметах адказваў па-ангельску. На ўручэнні дыпломаў будзе выступаць па-беларуску".
Тэйлар нават праходзіў практыку ў беларускай школе ў Вільні.
Лілея Плыгаўка: "У школе практыку праходзіў, там урок праводзіў па-беларуску і па-англійску. Дзеці ў нас ужо добра валодаюць гэтай мовай, таму камунікацыя атрымалася нармальная. Калі да нас прыходзяць грамадзяне Літвы, яны ж мовы зусім не ведаюць, таму выкладаем беларускую мову, як замежную. Таму для нас Тэйлар не нейкі выключны студэнт".
У канцы чэрвеня студэнт з Нігерыі атрымае дыплом настаўніка беларускай мовы. Але гатовым выкладчыкам не будзе. У прынцыпе і выкладаць пакуль ён не збіраецца, бо вучыўся дзеля ведаў, а не дзеля працы.
Лілея Плыгаўка: "Ведаеце, гатовых выкладчыкаў універсітэт не выпускае, чалавек становіцца выкладчыкам, калі папрацуе. Так, ён атрымае дыплом. Ён выканаў усю нашу навучальную праграму. А вы думаеце выпускнікі беларускіх ВНУ прыходзяць у школу і могуць так вось свабодна урок па-беларуску правесці? Я сама калісьці закончыла беларускую ВНУ. І калі прыйшла ў школу пасля ўніверсітэта, было цяжка".
Сярод студэнтаў Цэнтра беларускай мовы і літаратуры Віленскага універсітэта Тэйлар не адзіны замежнік, семестр там навучаўся эстонец. А большасць навучэнцаў дзённага аддзялення — літоўцы.
Лілея Плыгаўка: "Калі першыя гады ў нас вучыліся літоўцы з беларускімі каранямі, то цяпер такіх толькі каля 30 працэнтаў".
Завочнікі — збольшага беларусы з памежнай зоны, ці выхадцы з Беларусі, якія жывуць за мяжой, напрыклад, у Англіі, Іспаніі і ў Ізраілі.
"Для іх Вільня бліжэй за Мінск. Духоўна, ментальна, геаграфічна Таму яны да нас прыяжджаюць з большым задавальненнем, чым калі б яны паехалі вучыцца ў Мінск", — дадае Лілея Плыгаўка.
Фота: vpu.lt