Як беларускія рок-музыканты выкладаюць у ВНУ (фота)

121129_malina_vyklad4yki.mp3

Што змяняецца ў Алегу Хаменка, калі ён заходзіць у будынак Універсітэта культуры — незразумела! Можа, інтанацыя ў голасе, можа, выраз твару, але раптам адчуваеш сябе студэнтам і перад сабой бачыш выкладчыка. Лідар гурта “Палац” хутка разбіраецца са знікненнем ключоў ад аўдыторыі і вітаецца са студэнтамі, якія сустракаюць Алега… стоячы! “Гэта прынцыповая рэч. Гэта мой асабісты падыход”, — потым пракаментуе такое вітанне выкладчык Хаменка.

“Выкладанне мяне яшчэ больш дысцыплінуе, — тлумачыць рашэнне уладкавацца ў ВНУ музыка. — Так бы я спаў да адзінаццатай, а цяпер да адзінаццатай я ўжо павыкладаў. Так што нічога я тут не губляю, наадварот, калі працуеш са студэнтамі, больш знаходзішся на хвалі. Яны ж карыстаюцца не той інфармацыяй, якой карыстаемся мы, а гэта ўжо пашырае мае веды, напрыклад, як кіраўніка “Палаца”.


У прынцыпе, шмат хто з вядомых не эстрадных музыкаў, якія цяпер працуюць выкладчыкамі, прызнаюцца, што нешта бяруць у сваіх студэнтаў. Выкладчык Інстытута сучасных ведаў, а ў вольны час гітарыст “ТроіцыЮры Дзмітрыеў карыстаецца ўменнем вучняў знаходзіць неабходныя ноты ды партытуры ў інтэрнэце, а яго калега па ВНУ гітарыст “Крамы” Сяргей Трухановіч сочыць за ідэямі і спрабуе іх развіваць. А вось бубнач Apple Tea ды выкладчык “кулька” Аляксандр Сапега не заўважае, што нешта атрымлівае ад студэнтаў, хоць і не адмаўляе такой магчымасці.

“Гэта ж Універсітэт культуры, таму яны прыходзяць пасля музычнай школы, каледжа ўжо са сваімі ведамі, — распавядае бубнач “Чаёў” пра сваіх студэнтаў. — Шмат каму з іх падаецца, што яны ўжо амаль усё ведаюць, але пасля некалькіх сустрэч са мной высвятляецца, што яшчэ багата незразумелага ды цікавага”.


Аляксандр дадае, што цяпер ёсць шмат магчымасцяў для інтэрнэт-самаадукацыі, але карыстацца ёй не варта. Выкладчык бачыць, што ў каго не так, што каму трэба паправіць, а інтэрнэт-курсы гэтага зрабіць не змогуць. Тым не менш, нягледзячы на вялікі ўласны досвед, большасць музыкаў выкладаюць курс на замежных прыкладах.

“У Беларусі некласічная школа амаль адсутнічае, — выказвае агульную думку Юрый Дзмітрыеў. — Таму кожны вучыцца неяк самастойна. Менавіта таму, лепш абапірацца на больш класічныя нейкія рэчы. Натуральна, усё гэта праламляецца праз маё ўласнае бачанне ды досвед, але аснова — заходнія рэчы, якія сябе ўжо зарэкамендавалі”.


І, нягледзячы на тое, што набіраюць у Інстытут сучасных ведаў нават тых, хто не мае базавай музычнай адукацыі, Дзмітрыеў цалкам задаволены сваімі студэнтамі. Пагаджаецца з калегам і экс-бубнач гурта “Ляпис ТрубецкойАляксандр Старажук і прызнаецца, што вельмі хвалюецца і перажывае за сваіх навучэнцаў.

“Я да іспытаў строгі, а падчас — наадварот перажываю, каб яны не трэсліся, каб сыгралі хоць бы на 70% ад таго, як вывучылі. Але бывае і такое, што тых, хто нядобрасумленна ставіцца, даводзіцца і прыціснуць, каб падрыхтаваліся да наступнага разу”.


Усе музыкі-выкладчыкі, як па агульнай паперцы, характарызуюць сваю суворасць на іспытах ды занятках. Відаць, не хлусяць, бо студэнты пацвярджаюць гэта, калі не з-за боязі…

“Ён вельмі цікавы чалавек, — захапляюцца студэнты першакурснікі Алегам Хаменкам. — Ён класны, харошы, супер. Ён вельмі правільны выкладчык, бо прымушае нас думаць, а гэта вельмі важна”.


Больш за тое, Алег ухваляе і, нават патрабуе ў студэнтаў карыстання інтэрнэтам падчас навучання, маўляў, самі знойдуць інфармацыю — хутчэй запомняць. А заняткі Сяргея Трухановіча больш падобныя на размовы сяброў з лёгкім “гнабяжом” ды падколкамі. Прычым, заўважна, што хваляванне ды сціпласць студэнтаў, якія адчуваліся падчас заняткаў, не з’яўляюцца звыклымі, прычына ўзнікнення, хутчэй за ўсё, у прысутнасці Еўрарадыё.

Калі пара скончылася, адзін са студэнтаў падыходзіць да Алега Хаменкі і просіць аўтограф для знаёмых, іншыя таксама падцягваюцца. Можна было б падумаць, што сітуацыя адмыслова найграная, але адбываецца такое і з усімі астатнімі знакамітымі выкладчыкамі… хоць, і не так часта. Як адзначыў Аляксандр Старажук:

“Аўтографы бяруць радзей, чым пакуль я граў у “Ляпісах”, але не тое, каб мне гэта перашкаджала”.

Фота: budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі