Яўген Ворсін: У апошнія гады беларускаму хакею няма чым ганарыцца
Старшыня Федэрацыі хакея здзіўляецца, чаму ўсё ёсць, а выніку няма, прапаноўвае штрафаваць гульцоў і трэнераў, а Скабелка плануе мяняць “старых” на “маладых”.
“У апошнія гады асабліва ганарыцца беларускаму хакею няма чым. Нібыта ёсць кантрольныя лічбы, ёсць праграма, ёсць фінансавыя паказчыкі — усё ёсць. Няма толькі выніку”, — шчыра адкрыў праблемнае пасяджэнне выканкаму Федэрацыі хакея старшыня Яўген Ворсін.
Удзельнікі па ідэі мусілі выслухаць справаздачы аб няўдачах беларускага хакею і вынайсці рэцэпт, як ратаваць від спорту.
Але збольшага ініцыятываў ніхто не вылучаў. Ідэі, як удасканаліць уласную працу, выказваў сам Яўген Ворсін. Пачаў старшыня з праблемаў дзіцяча-юнацкага хакею:
“Мы спрабавалі структураваць хакейную гаспадарку, развівалі сетку дзіцячых спартовых школ. Мы заўжды казалі, што не хапае трэнераў. І сапраўды, з 153 спецыялістаў толькі 17 маюць вышэйшую кваліфікацыю. Існуе адток асобных трэнераў, якія з’язджаюць ва Украіну і ў Расію. Гэта адно са слабых звёнаў. Намі самімі не прымаюцца меры, каб утрымаць гэтых спецыялістаў у сябе дома. Зарплаты вельмі нізкія”.
Ідэі, як павялічыць ганебныя зарплаты дзіцячага трэнера, не прагучала. Але Яўген Ворсін выказаўся наконт захадаў, якія маглі б страсянуць нацыянальную зборную і вывесці яе на новы ўзровень:
“У нас былі моманты, калі з-за нястрыманасці гульца, якога выдалялі, мы прайгравалі. Гэта адсутнасць унутранай дысцыпліны, якая, наадварот, павінна ўсіх мабілізаваць. Можна штрафаваць гульцоў ці трэнераў? Некаторыя легкадумна ставяцца да прыезду ў зборную: могуць на дзень-два затрымацца. Мне хочацца, каб мы задумаліся пра адказнасць. Калі ніхто не будзе выконваць тое, што трэба, нічога не будзе. І яшчэ зроблены прапановы наконт стымулявання айчынных хакеістаў у экстралізе і юніёрскіх лігах, гэтаму будзе прысвечана асобнае пасяджэнне трэнерскай рады”.
Зрабіў даклад на выканкаме і галоўны трэнер зборнай Андрэй Скабелка. Яго і Аляксандра Андрыеўскага пакінулі кіраваць нацыянальнай камандай. Скабелка патлумачыў прычыны пройгрышу славенцам, з-за чаго нашы хакеісты не трапілі на Алімпіяду-2014.
“Падчас падрыхтоўкі ўсе пажаданні трэнерскага склада былі ўлічаны, быў праведзены збор за горадам. Што тычыцца самога турніру, тут найперш трэба больш казаць пра гульню са Славеніяй. Не думаю, што быў "неданастрой". Але каманда Славеніі аказалася хуткай і агрэсіўнай. А мы пачалі сумбурна, неагрэсіўна, пачатак атак захлынаўся. Але трэба адзначыць, што тры галы нам былі закінуты ў няроўных складах. Перад трэцім перыядам было 2:2, размаўлялі пра строгую гульню ў абароне, планавалі дадаць. Але шанец, гуляючы ў большасці, не выкарысталі і прапусцілі контратаку. І другі раз вярнуцца ў гульню нам не ўдалося”.
Выслухаўшы крытыку наконт таго, што тытулаваныя хакеісты не маюць матывацыі аддаваць сябе зборнай, Андрэй Скабелка выклаў уласны план магчымага амаладжэння зборнай.
“У кваліфікацыйны алімпійскі турнір мы ішлі з праверанымі байцамі. Але мы павінны ўводзіць свежую кроў, каб у маладых хлопцаў быў стымул гуляць за зборную. Бо як бы яны ні выступалі, у зборную не запрашаюць. Забіваюць у чэмпіянаце Беларусі па 25-30 галоў, а запрашэння няма. Будзе 7-8 кантрольных гульняў. Ёсць хлопцы маладыя, якія будуць канкураваць за месца ў камандзе. А як яшчэ? Абстаноўка павінна быць, як у сям’і, туды павінны прыязджаць і біцца. Вось пра што трэба казаць”.
Пытанне, ці мае зборная карысць ад існавання мінскага “Дынама”, не абмяркоўвалася. Як і многія іншыя праблемы, паднятыя хакейнымі экспертамі. Так менш чым за паўтары гадзіны курс развіцця беларускага хакея пакінулі практычна нязмененым.
Фота oc2seattle.wordpress.com