Самы перадавы выбарчы ўчастак №7: За адзін дзень 405 датэрміновых выбаршчыкаў
Выбарчы ўчастак №7 размешчаны ў сярэдняй школе №89 па Асаналіеўскай акрузе №15. Гледзячы па пратаколе, 14 лютага тут датэрмінова прагаласавала 405 выбаршчыкаў. “Гэта немагчыма!” – абураецца тутэйшы кандыдат у дэпутаты Дзяніс Ціханенка.
16 лютага журналіст Еўрарадыё едзе на ўзгаданы ўчастак, каб убачыць на свае вочы чаргу адказных людзей. Харэаграфічная зала: тры члены выбарчай камісіі і назіральнік. Назіральнік прадстаўляецца Паўлам, кажа, што назірае за датэрміновым галасаваннем з боку БРСМ. Гэта яго акруга і “мне не ўсё роўна, што тут адбываецца”.
Нейкі час нічога не адбываецца. Выбаршчыкаў няма. Пытаюся, калі на ўчастак прыходзіць больш людзей. Памочніца старшыні адказвае: “Звычайна, увечары, калі вяртаюцца з працы”.
Забягаючы наперад, скажу, што на ўчастку я правяла паўтары гадзіны. За гэты час прагаласавала сем чалавек.
Чаму вы прыйшлі галасаваць датэрмінова? На маё пытанне адказвае выбаршчыца Марына Жартун: “Прыйшла сёння, таму што заўтра еду на Дзень нараджэння да пляменніцы. Галасаваць трэба, бо хацелася б і пажыць лепей. Хай уладкуюць раён – ён вельмі стары. Патрэбныя крамы, рынак (раней быў – прыбралі), нейкі комплекс спартыўны, каб дзеці хадзілі. Нават кавярні няма. Хацелася б, каб дэпутат быў добры. Хацелася б, каб у дэпутаты трапляла моладзь. Навошта нам пенсіянеры ў дэпутатах?”.
Выбарчык Анатоль Тарасевіч прыйшоў на сёмы ўчастак у добрым настроі, распавёў, што 18-га з’язджае. Кажа, што ў раёне шмат праблем – трэба адрамантаваць пад’езды і паставіць камеры назірання, каб не кралі машыны і не білі шкло.
Члены камісіі пачынаюць рэгістраваць выбаршчыка, і тут памочніца старшыні гучным голасам выдае: “Праверце, мабыць, ён недзеяздольны!”.
Відаць, такую некарэктную рэакцыю ў яе выклікала знешнасць чалавека...
Аляксандр Салаўёў прыйшоў галасаваць загадзя, таму што “ў афіцыйны дзень будзе шмат людзей”. “Мой кандыдат – малады, а навошта нам “старая табакерка” – смяецца Аляксандр. Дарэчы, на ўчастак ён прыйшоў з двума пашпартамі, маўляў, мама не ходзіць, сказала: “За каго ты – за таго і я”. Ён ведае, што так нельга, але “раптам не хапае нейкіх галасоў?”. Але галасоў хапае і выбарчая камісія дазваляе галасаваць толькі за сябе.
Цікава, што большасць з тых, хто прышоў галасаваць датэрмінова, жыве ў доме №9 па Асаналіева. Не менш цікава прычына, якая аб’ядноўвае адразу некалькі датэрміноўшчыкаў – “еду на народзіны, на юбілей”.
“Значыць, у кагосьці вельмі сур'ёзны юбілей, – смяецца старшыня камісіі Васіль Куць, які праз паўтары гадзіны з’явіўся на выбарчым участку.
“Большая актыўнасць на выбарах – у першую палову дня”, – кажа старшыня. А яго памочніца казала пра вечар!
Як здарылася, што ў адзін дзень 14 лютага прагаласавалі адразу 405 чалавек? Старшыня выбарчай камісіі тлумачыць гэта 12-гадзінным працоўным днём на завадскіх прадпрыемствах. Маўляў, раён вытворчы, шмат хто з завадчан не зможа прыйсці на выбары ў афіцыйны дзень: “Больш нічога сказаць не магу. Факт ёсць факт, вы ж разумееце. Людзі ідуць, усе адэкватныя, скаргаў няма”.
“Немагчыма такой колькасці выбаршчыкаў прагаласаваць у адзін дзень працы ўчастковай камісіі, – не здаецца кандыдат у дэпутаты Дзяніс Ціханенка. – Я сам прагаласаваў датэрмінова і зняў гэта на відэа. Прыйшоў на ўчастак, зарэгістраваўся, атрымаў бюлетэнь, прагаласаваў – спатрэбілася чатыры хвіліны! У камісіі два-тры чалавекі. 405 выбаршчыкаў за дзень – факт завышэння яўкі. Датэрміновае галасаванне доўжыцца 7 гадзін ці 420 хвілін. Гэта галасаванне кожную хвіліну!”
* * *
Сыходзячы з участка, я падышла на вахту сярэдняй школы №89. Вахцёрка Таццяна Рыгораўна паказвае кнігу, дзе рэгіструюць старонніх наведвальнікаў школы. З 13 па 16 лютага – усяго пяць запісаў: “Тых, хто прыходзіць на галасаванне, мы не рэгіструем. Каманды запісваць выбаршчыкаў не было”.
За пяць дзён датэрміновага галасавання на гэтым выбарчым участку прагаласавалі 1005 выбаршчыкаў, ці 34,7%. Лічба амаль не адрозніваецца ад сярэдняй па краіне. Так і невядома чаму адразу 405 выбаршчыкаў прайшлі ў адзін дзень, а потым кінулі гэтую справу і “падладзіліся” пад сярэднюю яўку.