Школьныя падручнікі: цяжкая мова, незразумелыя правілы?

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў заяўляе пра новы падыход да напісання школьных падручнікаў. Цяпер яго можа напісаць любы, па словах міністра.


"Мы адмовіліся ад старога прынцыпу, калі канкрэтнаму калектыву давалася заданне напісаць падручнік. Цяпер міністэрства аб'яўляе конкурс на напісанне або ўсяго падручніка, або канкрэтнага раздзела. І любы калектыў або асобны аўтар можа падаць сваю заяўку з кароткім апісаннем таго, што ён хацеў бы адлюстраваць у сваёй працы".

Чым жа дрэнныя старыя падручнікі, просім настаўніка, рэпетытара і выпускніка ліцэя ацаніць іх якасць.

Максім Баравік, настаўнік беларускай мовы і літаратуры з мінскай школы, лічыць падручнікі складанымі для вучняў.

"Мова выкладання матэрыялу ― вось праблема. У 9 класе, напрыклад, падручнік па беларускай літаратуры напісаны прафесарам. Там філасофія матэрыялізму, напрыклад. Што дзеці разумеюць у 9 класе з гэтай фразы? Надта навукова, дзецям трэба прасцей. Па беларускай мове ў падручніку ўсё напісана звязаным тэкстам. Палову правілаў можна патлумачыць з дапамогай табліц, алгарытмаў. Іх пішуць дасведчаныя навукоўцы, але ж трэба арыентавацца не на студэнтаў, а на школьнікаў XXI стагоддзя".

Аляксей Васілеўскі, рэпетытар па фізіцы, карыстаецца сваім падручнікам, а школьныя называе недасканалымі.

"Большасць настаўнікаў робяць свае дапаможнікі пад сябе. Падручнікі пастаянна мяняюць, нешта робяць. А чаму б не ўдасканальваць нейкую адну кнігу, а не мяняць іх увесь час. Яны ж новыя выдаюць. А тыя, што раней былі, ідуць на сметнік проста. За савецкім часам падручнікі перавыдаваліся па шэсць разоў, іх правілі. А ў нас цяпер падручнік пішацца нанова раз на 5 гадоў ці часцей. Да таго ж, мова складаная, дзеці яе не разумеюць, таму я імі не карыстаюся. У мяне савецкі толькі падручнік ёсць, які я выкарыстоўваю".

Максім, сёлетні выпускнік ліцэя, студэнт першага курса, ацэньвае школьныя падручнікі, як складаныя, не па ўзроўні вучняў.

"Складаны матэрыял, часам, не на ўзроўні таго класа, дзе гэта праходзілася. Часам, выкладчыкі збіраліся і рашалі задачы з падручніка ― як тады мы іх можам зрабіць? Адчуванне, што падручнікі аўтары пішуць для такіх, як яны, а не для школьнікаў. Асабліва ў старэйшай школе было складана вучыцца па сучасных падручніках. Можа, толькі па замежнай мове нармальна ўсё. Але гэта былі адмысловыя падручнікі, у школах не такія. Падрыхтавацца да тэставання па такіх кнігах таксама складана было".


Сёлета Інстытут адукацыі выдаў 103 наймення падручнікаў, яны перавыдаюцца кожны год. Калі пачытаць прозвішчы аўтараў, то гэта адны і тыя ж людзі. Тэрмін службы аднаго падручніка — 5 гадоў, пасля выдаецца новы, звычайна, тым жа калектывам аўтараў. Напрыклад, з 2000 да 2008 года "у сметніцу" пайшлі па два падручнікі па фізіцы з 7-ага да 11-ага класа. То бок 10 падручнікаў, якія выдавалі тыражамі да 147 тысяч экземпляраў і на якія выдаткоўваліся грошы.

Цяпер дзевяцікласнікі вучацца па падручніках 2013 года, і па словах міністра, ужо хутка ім напішуць новыя.

Фота 1: u-f.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі