Шоў “Троя” ў Мінску адмянілі, а грошы за квіткі не вяртаюць з сакавіка
Арганізатары мерапрыемства — банкруты, а ўладальнікі квіткоў толькі пятыя ў чарзе крэдытораў, пасля падатковай, заробкаў, ФСАН і Белдзяржстраха.
Уладальнікі квіткоў на сусветнае танцавальнае шоў “Троя”, якое мусіла прайсці ў Мінску яшчэ 4 сакавіка 2014 года, але было адмененае, пакуль так і не здолелі вярнуць свае грошы. Першапачаткова пастаноўку турэцкага ансамбля перанеслі на 22 кастрычніка, у сувязі з тым, што фуры з дэкарацыямі і тэхнічным абсталяваннем не прапусцілі праз Украіну. Але па тэлефонах, якія былі ўказаныя ў афіцыйным паведамленні пра перанос, ніхто доўгі час не адказваў.
“Спачатку мы не вельмі хваляваліся, але потым пачалі ўжо больш актыўна дазвоньвацца, — распавядае Таццяна, якая за 1 мільён рублёў набыла два квіткі на шоў сваім бацькам у падарунак і вырашыла, што чакаць кастрычніка не будзе, лепш набыць білеты на якое іншае мерапрыемства. — У выніку я датэлефанавалася, і мне сказалі, што арганізатар (ПП “Паруса У” — заўв. Еўрарадыё) — банкрут і знаходзіцца на стадыі ліквідацыі. Інфармацыя будзе пазней, але квіткі пры гэтым працягвалі прадавацца. Таксама цікава, што па тэлефоне, які быў указаны, як інфармацыя пра перанос канцэрта, адказвалі ліквідатары фірмы. У выніку недзе месяц таму я атрымала ліст, у якім гаварылася, што ў прадпрыемства няма грошай. Ну і ўсё”.
Таццяна стварыла суполку “Вконтакте”, каб абмяркоўваць крокі па вяртанню грошай. Напісалі заяву ў міліцыю. Праваахоўнікі складу злачынства не знайшлі. Але гэта было каля месяца таму. Цяпер тэлефоны кампаніі ці недаступныя, ці проста маўчаць. Каб даведацца пра стан ПП “Паруса У” давялося некалькі дзён размаўляць з чыноўнікамі падатковай ды Мінгарвыканкама рознага ўзроўню.
Нарэшце ў Рэестры пасведчанняў пра дзяржаўную рэгістрацыю нам усё ж распавялі, што інфармацыя пра кампаніі выдаецца толькі пасля аплаты дзяржпошліны ў 150 тысяч рублёў. Але непасрэдна пацярпелым, пры наяўнасці доказу, аплачваць яе не трэба. Вось толькі пра які доказ можа весціся размова, калі дата перанесенага канцэрта яшчэ не прайшла? А кампанія тым часам ліквідуецца поўным ходам!
“Я не магу цяпер нічога патлумачыць, — усё ж знаходзім кантакт антыкрызіснага кіраўніка “Паруса У”. — Працэдура толькі пачалася. Мы вывучаем дакументы. Судом вызначаны двухмесячны тэрмін да снежня. Мы ўсіх крэдытораў апавясцім, будзе праведзены сход, дзе ўсё ўсім раскажам пра наяўнасць актываў у кампаніі”.
Каб уладальнікі квіткоў трапілі ў спіс крэдытораў, трэба напісаць ліст на 220029, г. Мінск, а\с 126, дзе пазначыць імя, адрас, тэлефон, а таксама каротка апісаць сітуацыю ды прыкласці копію квітка на шоў “Троя”. Але і гэты крок не гарантуе вяртання грошай.
“Калі нейкія грошы і знойдуцца на рахунку, то размяркоўвацца яны будуць у адпаведнасці з чаргой, — тлумачыць ліквідатар. — Калі будзе, напрыклад, адзін мільён і дзвесце крэдытораў, то размяркоўвацца ён будзе паміж імі прапарцыянальна тым сумам, якія ў іх заяўленыя. У дадзеным выпадку з квіткамі гэта будзе 5-я чарга, пасля падатковай, запазычанасці па заробках, Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва і Белдзяржстраха”.
Калі ўлічваць, што “Паруса У” абвясцілі сябе банкрутам, не складана здагадацца, што грошы за квіткі вярнуць наўрад ці атрымаецца, ва ўсялякім выпадку, у поўным памеры. Каб абараніць наведвальнікаў мерапрыемстваў ад падобных сітуацый, год таму ў Беларусі вярнулі неабходнасць атрымліваць гастрольныя пасведчанні. Арганізатары не маюць права рэкламаваць і прадаваць квіткі на мерапрыемствы без запаветнай "гастролькі". Для замежных калектываў пасведчанне яшчэ і платнае. Да прыкладу, за дазвол на правядзенне шоў “Троя” ў Палацы Спорту, паводле падлікаў Еўрарадыё, давялося заплаціць не менш за 100 базавых велічыняў (15 000 000 рублёў). Куды ж пайшлі грошы за неарганізаваны канцэрт і чаму б іх не аддаць уладальнікам квіткоў? Але на гэтае пытанне ва ўпраўленні культуры Мінгарвыканкама адказваць адмовіліся.