Што рэкламуе суровы беларускі мужчына на плакаце? (фота)

Рэклама “Всегда точно в цель! А тебе слабо?” выклікала абмеркаванні ў сацсетках. На ёй суровы мужчына халодна цэліць з “Макарава”. Постар разлічаны на кандыдатаў для службы ў ГУУС Мінгарвыканкама.

Выразаем з рэкламы міліцэйскую нашыўку, эмблему ГУУС і нумары тэлефонаў. Раздрукоўваем. Звяртаемся да мінакоў з пытаннем: што рэкламуецца на постары?

“Агнястрэльная зброя, ― выказвае здагадку хлопец, які першы пазнаёміўся з нашым варыянтам постара. ― Магчыма, цір”.

“Не ведаю, шчыра. Ніякіх думак на гэты конт”, ― разгубілася спадарожніца хлопца.

“Адзенне”, ― выдаў версію іншы мінак, доўга разглядаючы рэкламу.

“Нейкае абязбольвальнае кшталту “Нурафену”, ― выдала студэнтка філфака, пранізліва паўглядаўшыся ў сур’ёзнага міліцыянера.

“Не ведаю, нейкі стралковы комплекс, ― абводзіць позіркам міліцыянера адзін з расійскіх гасцей. ― Рэклама ў стылі “Брыгады”: братва рвецца да ўлады. А калі гэта міліцыя, то трэба было апрануць яго прыгожа, паказаць пагоны”.

Ніводзін з апытаных так і не зразумеў, што на постары рэкламуецца міліцыя.

“Я здагадваюся, што на плакаце хацелі паказаць мужнасць, каштоўнасці і іншае, ― знаёміцца з поўнай версіяй постара Юлія Ляшкевіч, вядомая беларуская спецыялістка па рэкламе. ― Калі б у МУС адкрывалі курсы па трапнасці стральбы, то было б нармальна. Але калі грамадзян хочуць запрасіць на службу, то рэклама дзіўная, агрэсіўная, непрыемная. Часцей за ўсё ад міліцыі чакаюць не стральбы на паражэнне, а нейкіх іншых рэчаў”.

На беларускіх білбордах хапала іншых рэклам, якія выклікалі жывое абмеркаванне.

Часта кандыдатаў на службу спрабуюць зачапіць словамі “адвага” і “гонар”. А дзесьці і наяўнасцю ў міліцыі сімпатычных супрацоўніц, “рэальнай працай” ці “сапраўдным брацтвам”.

“Якасці ў такой рэкламе няма, яна не выклікае ў шырокіх масах насельніцтва водгуку, ― лічыць Сяргей Скараход, эксперт у галіне прасоўвання рэкламы, кіраўнік праекта Marketing.by. ― Звычайна ў дзяржаўных органах не працуюць маркетолагі ― людзі, якія разумеюць асновы таго, як трэба рабіць, прасоўваць, будаваць стратэгію. Усё робіцца на калене, на ўзроўні фрылансараў, аматараў, мінімальнымі сродкамі. І той вынік, які мы бачым, ― гэта проста ганьба”.

Еўрарадыё: А колькі каштуе стварэнне якаснага білборду?

Сяргей Скараход: Не магу канкрэтна адказаць на гэта пытанне. Але гэта не 20 і не 50 долараў фрылансару, нават калі той пранікся і мае ўнутраную патрэбу зрабіць нешта добрае для арганізацыі. Гэта не адна сотня долараў. Гэта гадзіны, лагістыка, праходжанне замовы, брыфінг, гэта работа капірайтара, арт-дырэктара, дызайнера. Як мінімум 3-4 чалавекі. Дзень-два працы. Гэта ўсё ўжо выліваецца ў пэўную суму. Дзяржаўныя органы, калі хочуць атрымаць вынік ад сацыяльнай рэкламы, павінны ўключаць рэальныя выдаткі на яе ў свой бюджэт.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі