Што змянілася для беларусаў з увядзеннем шэнгенскіх біяметрычных віз

З 23 чэрвеня, каб атрымаць шэнгенскую візу, беларусы павінныя здаць адбіткі ўсіх пальцаў абедзвюх рук і электронную фатаграфію.

З самага ранку каля консульства Польшчы ў Мінску, што на вуліцы Крапоткіна, чарга ў некалькі акенцаў. Больш за ўсё людзей там, дзе прымаюць дакументы на нацыянальную візу, для якой дактыласкапія не патрэбная.

Першыя наведнікі выходзяць з будынка консульства ўжо праз 15 хвілін пасля яго адкрыцця.

“Вельмі хутка ўсё праходзіць — адну далоньку, другую на сканэр кладзеш. Раз-раз і ўсё, — дзеляцца ўражаннямі Інга і Кірыл. — Дакументы таксама даволі хутка прынялі”.

З-за электронных адбіткаў пальцаў чэргі ў амбасады не пабольшалі

Дзяўчына падкрэслівае, што працэс здачы адбіткаў пальцаў і сканавання здымка не зацягнуты. У адрозненне ад часу рэгістрацыі анкеты.

"Зарэгістраваць анкету было складана. Мы паўгода недзе спрабавалі гэта зрабіць”, — дадае Інга.

Большасць людзей, якія выходзяць пасля падачы дакументаў, кажа, што ўсё вельмі добра арганізавана і праходзіць без складанасцяў.

“Мне было цікава, бо я такога ні разу не рабіла, — смяецца Антаніна. Яна ў консульстве не навічок. — Мне спадабалася”.

Між тым, ля сценкі консульства выстройваецца чарга з кліентаў турфірм. Ім цяпер таксама неабходна асабіста прыходзіць на падачу дакументаў.

“Што, як там адбываецца?” — на кожнага кіраўніка групы, які выходзіць з консульства, налятае некалькі чалавек, каб даведацца, чаго баяцца.

“Дзяўчаты, усё проста, — супакойваюць тыя, хто ўжо прайшоў працэдуру. — Ідзеш, бярэш пяць турыстаў, ім можна зараз пашпарты раздаць. Яны здаюць адбіткі і фота, і ты іх адпускаеш. І гэтак далей, пакуль не пройдзе ўся група. Усё нармальна!”

Антаніна, прадстаўніца агенцтва, толькі што адпусціла сваю групу турыстаў, і кажа Еўрарадыё, што вельмі задаволеная працэсам.

“Абсалютна не складана, усё добра арганізавана. Пасольства — проста малайцы. Кліентаў меней не стала, турысты законапаслухмяныя, адбіткі здаюць. У прынцыпе, я і падазравала, што ўсё будзе арганізавана добра”, — кажа мне Антаніна.

Раз-пораз падыходзяць групы чалавек, але яны знікаюць у будынку консульства і даволі хутка выходзяць. Нараканняў заяўнікі не выказваюць, але на форумах знаходзім скаргі на марную трату часу.

“Раней здаў пашпарт, заплаціў грошы і атрымаў візу. А цяпер трэба выдаткаваць час на гэта”, — гэта асноўная прэтэнзія да новай сістэмы падачы дакументаў на шэнген.

Кіруемся да амбасады Літвы, што на вуліцы Захарава. Тут акрамя страхоўшчыкаў ды міліцыянера ў белай кашулі нікога няма.

У візавым цэнтры Літвы, дзе таксама можна падаваць дакументы на шэнген, тлумачаць, што тэрмін выдачы візы не змяніўся. Адмовіцца ад здачы адбіткаў пальцаў нельга. Змяніўся толькі кошт працэдуры.

“Раней афармленне дакументаў каштавала 18 еўра, цяпер на 2 еўра даражэй. Дзякуючы гэтаму вы не стаіце ў чарзе ля амбасады, усё здаяце тут, у візавым цэнтры, і атрымліваеце пашпарт”.

Хто можа не здаваць адбіткі пальцаў

Здаваць адбіткі не трэба дзецям да 12 гадоў, асобам, якія фізічна не ў стане гэта зрабіць (пры адсутнасці пальцаў), а таксама кіраўнікам дзяржаў, чальцам урадаў, чальцам афіцыйных дэлегацый і іх жонкам і мужам пры службовых паездках.

Уладальнікі дыпламатычных пашпартоў ад здачы адбіткаў не вызваляюцца. На нацыянальную візу здаваць адбіткі пальцаў не патрабуецца. Таксама не трэба здаваць адбіткі пальцаў тым, у каго віза адкрытая, гэта трэба будзе зрабіць пры наступным звароце па візу.

А вось калі збіраецеся атрымаць нават аднаразовую шэнген візу здаць адбіткі ўсё ж давядзецца.

Адбіткі пальцаў захоўваюцца 59 месяцаў у адзінай базе дадзеных візавай інфармацыйнай сістэмы (ВІС). Таму цягам гэтага перыяду паўторна здаваць біяметрычныя дадзеныя на новыя візы ў пасольстве любой з краін Шэнгенскага пагаднення не трэба.

Здаць адбіткі пальцаў можна і ў візавым цэнтры. У Беларусі ёсць візавыя цэнтры Літвы, Іспаніі, Даніі і Грэцыі. Плануецца адкрыццё візавых цэнтраў Харватыі і Італіі, васьмі польскіх візавых цэнтраў.

Сканаваць адбіткі пальцаў ва ўладальнікаў новых біяметрычных віз будуць на мяжы. Абяцаюць, што гэтая працэдура будзе хуткай і зойме не больш за 40 секунд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі