“Сітуацыя стабілізавалася: будзе расці курс долара і кошт паслуг ЖКГ"
Эксперты далі сваю ацэнку аналізу сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, які зрабіла Мінэканомікі.
Мінэканомікі падвяло вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Выявілася, што не ўсё і не ва ўсім так дрэнна, як падаецца на першы погляд.
“Стабілізавалася сітуацыя на ўнутраным валютным і дэпазітных рынках; забяспечанае станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі; палепшаны плацежны баланс; не дапушчана ўзмацнення інфляцыйных працэсаў і рэзкага зніжэння грашовых даходаў насельніцтва; своечасова і ў поўным аб’ёме ажыццяўлялася выплата знешніх дзяржаўных абавязанняў”, — пералічваюць эксперты Мінэканомікі.
Ім пярэчыць старшы аналітык “Альпары” Вадзім Іосуб. Праўда, не аспрэчваючы той факт, што Беларусь заўжды своечасова рабіла выплаты па знешніх абавязаннях, і пагаджаючыся, што інфляцыя сапраўды запавольваецца. Да іншых высноў Мінэканомікі ёсць пытанні. Да прыкладу, пра недапушчанае “рэзкае зніжэнне даходаў насельніцтва”.
“У параўнанні з мінулым годам рэальныя даходы насельніцтва знізіліся на 4%. Напэўна, можна адчуваць пэўны аптымізм, таму што гэтае зніжэнне меншае, чым у Расіі, дзе рэальныя даходы за год знізіліся на 10%”.
Не менш спрэчным, кажа Іосуб, выглядае аптымізм Мінэканомікі і наконт станоўчага сальда знешняга гандлю.
“Заслуга тут студзеня, дзе было станоўчае сальда каля 500 мільёнаў долараў. Але ўжо ў лютым сальда было адмоўным. У сакавіку мы мелі плюс 38 мільёнаў долараў, але ў красавіку сальда адмоўнае — мінус 60 мільёнаў. Прычын для радасці, як бачым, няма: усё дзякуючы аднаму месяцу”.
А што ж са “стабілізацыяй сітуацыі на ўнутраным валютным і дэпазітных рынках”? Яна стабільна негатыўная, “супакойвае” намеснік старшыні па інвестыцыйнай палітыцы Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц.
Георгій Грыц: “Дэвальвацыя ж працягваецца. Прычына ў тым, што наш асноўны гандлёвы партнёр — Расія, дзе рубель дастаткова нестабільны. З пункту гледжання дэпазітнага ці крэдытнага рынку Беларусі што палепшылася? Дарагія крэдыты як былі, так і засталіся, як была стаўка рэфінансавання самай высокай на постсавецкай прасторы, так і засталася. Так што тут правільнае слова “стабілізацыя”. Стабілізацыя таго стану, які і быў. А ацэнка таго стану дастаткова негатыўная”.
Стабільнасць — гэта, канечне, наша ўсё, але хацелася б ведаць, што будзе з доларам. Ну, ці з беларускім рублём — каму як больш звыкла сачыць за курсам у абменніках.
“Трэнд будзе на падаражанне долара. Пры тым, што гэта будзе не штодзённы рост, а ваганне. І да канца года, пры сённяшняй палітыцы Нацбанка і ўрада, мне падаецца рэалістычнай лічба 17 тысяч рублёў за долар”, — прагназуе Вадзім Іосуб.
Яшчэ эксперты Мінэканомікі асцярожна кажуць пра складанасці ў рэальным сектары эканомікі. З розных прычын вытворчасць на большасці прамысловых прадпрыемстваў скарацілася — на 7,7% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Вінаватая найперш Расія, рынак якой “схлопнуўся” для беларускіх тавараў — санкцыі, эканамічныя праблемы і гэтак далей. А іншым краінам нашы тавары з такімі коштам-якасцю не асабліва патрэбныя, лічыць Іосуб. Патрэбныя структурныя рэформы эканомікі. І нам рэформы нібыта абяцаюць, але…
“Структурныя рэформы цягнуцца дзесяцігоддзямі, і думаць, што за год, два ці нават за тры гады нешта зменіцца, — ілюзія. Гэта папулісцкія заявы”, — упэўнены Георгій Грыц.
Але ж у нас выбары на носе — што будзе ў краіне да 11 кастрычніка?
Вадзім Іосуб: “Да выбараў нейкай якаснай змены сітуацыі не адбудзецца. Мы будзем знаходзіцца прыблізна на тым узроўні, на які выйшлі ў апошнія месяцы”.
А гэта значыць, што не будзе росту даходаў у нашых кішэнях, але будзе рост цэнаў: “Найперш за кошт росту тарыфаў ЖКГ”, — папярэджвае Вадзім Іосуб.
Фота: onliner.by