То скандал у Адэсе, то “Кулажанка грошы адціскае”: што з іміджам каліноўцаў?

То скандал у Адэсе, то “Кулажанка грошы адціскае”: што з іміджам каліноўцаў?

Былы алмазавец Ігар Макар чакаў паўтара года і раптам выдаў, што каліновец Павел Кулажанка нібыта планаваў выбіць грошы з Андрэя Стрыжака, сузаснавальніка фонду “BYSOL”.

Што пра гэта думаюць у Офісе Святланы Ціханоўскай?

— Гэта інфармацыя адносіцца да падзеяў 2020 года, — каментуе Еўрарадыё кіраўнік Кабінета прадстаўнікоў Офіса Святланы Ціханоўскай Валерый Кавалеўскі. — Гэтыя аўдыязапісы нібыта былі зробленыя тады. Мне зараз цяжка сказаць, наколькі гэта інфармацыя верыфікаваная, наколькі яна адпавядае рэчаіснасці. Запісы гэтых гутарак паказваюць на тое, што гэта непрыглядная сітуацыя. Я спадзяюся, што ў палку Каліноўскага на гэта таксама звярнулі ўвагу і падумаюць пра тое, як на гэта рэагаваць. Ці будуць яны размаўляць з Паўлам Кулажанкам? Мы не можам казаць, ён гэта ці не ён. Але я так разумею, што гэта заслугоўвае ўвагі.

У нас рэгулярныя кантакты і з палком Каліноўскага, і з палком “Пагоня”. Для нас вельмі важна падтрымліваць беларусаў, якія сёння са зброяй у руках, часам ахвяруючы сваім здароўем і жыццём, падтрымліваюць Украіну ў яе барацьбе за незалежнасць. Гэта тыя структуры, якія ніякім чынам не афіляваныя з Офісам Святланы Ціханоўскай, гэта самастойныя аўтаномныя структуры. Мы паважаем гэтую аўтаномнасць. Мы не спрабуем іх нейкім чынам узяць пад кантроль. Мы думаем і пытаемся ў іх, як мы можам дапамагчы вырашыць пэўныя праблемы. Наша задача на сённяшні дзень — падтрымліваць гэтых людзей і сам рух. Каб людзі, якія ідуць ваяваць, разумелі, што беларускія дэмсілы высока цэняць іх і ганарацца імі.

З палком Каліноўскага звязана яшчэ адна не вельмі зразумелая сітуацыя — нібыта рэйдарскі захоп каліноўцамі маёмасці адэскага атрада імя Літвіна. Як гэта ўплывае на імідж беларускіх добраахвотнікаў?

— Я думаю, што калі ўкраінцы даведаліся пра тую сітуацыю ў Адэсе, то яны разумеюць, што гэта вайна і ёсць розныя сітуацыі, — кажа Валерый Кавалеўскі. — Некаторыя сітуацыі больш, а некаторыя менш прыглядныя. Пэўныя рэчы могуць здарацца. Мы [Офіс Ціханоўскай] тут не выступаем у ролі суддзі. Нам важна падтрымаць людзей, якія штодзень змагаюцца на баку Украіны.

Мы таксама спадзяёмся, што людзі, якія ваююць у палку Каліноўскага, ці ў палку “Пагоня”, ці проста добраахвотнікі, якія рассыпаныя па Узброеных сілах Украіны, яны ставяць сабе за мэту пабудову дэмакратычнай дзяржавы, дзе будзе кіраваць права і закон. Дзе будзе разгалінаванне судовай, выканаўчай і прадстаўнічай улады. Мы ўсе хочам імкнуцца да дэмакратычнай Беларусі. А не да такой Беларусі, якая на сённяшні дзень існуе, дзе пануе беззаконне, гвалт, самавольства. Дзе любы чыноўнік можа прыняць нейкія рашэнні сабе на карысць, а не на карысць закона.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі