СМІ даведаліся, за што беларусу могуць ануляваць ВНЖ у Літве

Літоўскі ВНЖ і беларускі пашпарт / "Зеркало"
Літоўскі ВНЖ і беларускі пашпарт / "Зеркало"

Рэсурс dev.by публікуе гісторыі чатырох беларусаў, якіх пазбавілі віду на жыхарства ў Літве. Нагадаем, раней ВНЖ анулявалі некалькім супрацоўнікам літоўскага офіса Wargaming. Адной з версій, чаму гэта адбылося, называлі службу па кантракце ў беларускім войску.

Адзін з суразмоўцаў рэсурсу таксама лічыць, што яму анулявалі ВНЖ праз кантрактную службу. У 2022 годзе ён без праблем атрымаў ВНЖ у Літве, падставай была праца ў літоўскай фірме. Праз нейкі час яму давялося мяняць працадаўцу. І пра гэта трэба было паведаміць адпаведнай службе, разам з калегамі ў гэтым лютым ён зноў запоўніў анкету. "Інфармацыю аб кантрактнай службе зноў паказаў. І вось у пачатку чэрвеня мне прыйшла адмова. Мой ВНЖ ануляваны, я атрымаў дэпартацыю і забарону на ўезд у Літву на 5 гадоў", — расказвае мужчына. Яму давялося вярнуцца ў Беларусь.

Другому мужчыну ВНЖ анулявалі пасля трох гадоў пражывання ў Літве. У Беларусі ён паспеў папрацаваць у папраўчай калоніі. "У Літве ўладкаваўся кіроўцам, у красавіку гэтага года пайшоў у "міграцыёнку" падаўжаць ВНЖ, і яму адмовілі. І так, забарона на ўезд у Літву на 5 гадоў", — расказваюць знаёмыя мужчыны. Штрафаў у Літве ў яго не было, законаў не парушаў.

Яшчэ адзін мужчына паказаў у анкеце, што служыў у Дэпартаменце аховы МУС. "У разгонах і рэпрэсіях удзелу не браў. З 2020 года працаваў у Літве на фуры. На гэтым тыдні мне анулявалі ВНЖ і забаранілі ўезд у Літву на пяць гадоў", — расказвае ён.

Праблема з законам прывяла да пазбаўлення ВНЖ яшчэ аднаго суразмоўцы рэсурсу. Ён працаваў таксістам і пагадзіўся адвезці кліентаў у Германію. Што ў іх праблемы з дакументамі, кажа, не ведаў. Іх спынілі на мяжы з Польшчай. "Пасажыраў — на волю, а я замест Германіі заехаў на пяць месяцаў у турму ў Каўнасе", — расказвае мужчына. Віны ён не прызнаў, але ў яго канфіскавалі аўто, а самога асудзілі і пазбавілі ВНЖ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі