Сталічныя прадпрымальнікі замест міні-страйку пайшлі ў адпачынак

Хваля забастовак прадпрымальнікаў пракацілася па рэгіёнах — у Баранавічах, Гомелі, Слоніме, Віцебску, Магілёве прадпрымальнікі прыпыняюць працу і выходзяць да будынкаў гарадскіх адміністрацый. Яны пратэстуюць супраць указу, згодна з якім увезеная прадукцыя пасля 1 ліпеня 2014 года павінна мець дакументы.

Кіруюся ў сталічны гандлёвы цэнтр “Імпульс” — паглядзець, як рэагуюць на гадзіну “Х” мінскія прадпрымальнікі.

Прыкладна палова ралетаў, дзе раней прадавалася адзенне, закрытая. Няўжо ў падтрымку міні-страйку рэгіянальшчыкаў? Але быццам бы не.  

На некаторых ралетах ёсць караценькія запіскі. 

“Сышла ў адпачынак з 1 па 31 ліпеня. Па дадатковую інфармацыю звяртацца ў адміністрацыю кірмашу”.

“Вы маю гаспадыню не знойдзеце і не патэлефануеце — яна адпачывае за мяжой”, — кажа мне прадавачка прыватнага ўнітарнага прадпрыемства.

“У нас многія пайшлі ў адпачынак, заціхарыліся. Многія ездзяць, даведваюцца, дзе можна ўзяць дакументы, але ў Расіі нам кажуць, што мы складаем невялікую частку ад іх кліентаў — працэнтаў 10, не болей. Таму ім рабіць дакументы для нас нецікава”, — кажа мне прадпрымальніца Галіна. Яна заўважае, што ўжо ў канцы месяца аўтобусы шоп-тураў з Расіі пачалі правяраць на наяўнасць дакументаў на тавар.

“Каму цікава ехаць і асэнсавана страчваць тавар? Якія дакументы? Гэта немагчыма”, — сцвярджае Галіна. Па яе назіраннях, курс расійскага рубля праз тое, што многія перасталі ездзіць у Расію па тавар, пачаў зніжацца.

Галіна, як і яе калегі, спадзяецца на тое, што нешта зменіцца. Але прызнае, што ўлады “ўперліся” і не саступяць. Галіна назірае, як многія яе паплечнікі пераходзяць з гандляроў у аптавікі — робяць сертыфікаты і пачынаюць вазіць некалькі відаў тавараў. Галіна заўважае, што гэта нявыгадна для яе, бо гэта не першыя рукі закупак, накруткі не зробіш, і цяпер яны працуюць, каб заплаціць падаткі і за арэнду памяшкання. Да таго ж невядома, што будзе заўтра.

“Яны робяць сертыфікаты, але хто яго ведае, што будзе праз год? У нашай краіне ўсё так стыхійна”, — кажа мне прадпрымальніца.

Прадпрымальніца Вольга прыглядаецца да беларускіх вытворцаў — яны даюць неабходныя дакументы, і з гэтым праблем няма. Але як быць з імпартам, Вольга не ведае. На пытанне, чаму яны не падтрымліваюць страйк рэгіянальных прадпрымальнікаў, Вольга не адказвае, кажа, форум прадпрымальнікаў правялі і хопіць.

Яшчэ адна прадпрымальніца, Людміла, развешвае штаны ды блузкі на манекены. Прадстаўляецца “партнёркай па бізнесе”. У яе пытаюся пра дакументы, і, на маё здзіўленне, яна нават парываецца нешта знайсці ў сваёй папачцы. Нічога не знаходзіць.

“Былі праверкі, праз ралеты пралазілі правяральнікі. Што тут было, закрываліся многія. На Ждановічах чула, як у братоў канфіскавалі шубы, дык нехта павесіўся, труціўся! Гэта было некалькі месяцаў таму. Што з народам робяць!”  — за што купіла, за тое і прадае мне чуткі Людміла.

Цягам размоваў высвятляю, што многія менавіта з прадпрымальнікаў яшчэ і не браліся за тое, каб разабрацца, на што трэба браць сертыфікат, на што дэкларацыю і яшчэ “будуць разбірацца”. Але як адзін ведаюць, што гэта “вельмі дорага”. Людміла прызнаецца, што страйк не падтрымлівае — будзе распрадаваць лішкі, а потым “мо нешта зменіцца”.

Шукаю дакументы на прадукцыю ці хоць надпісы, што тавар ніякіх дакументаў не мае. Але па ўсім “Імпульсе” знаходжу адзін такі надпіс у дзяўчыны, што гандлюе джынсамі, і яшчэ адну таблічку на ўвесь гандлёвы цэнтр неонавага колеру, што тавар сертыфікаваны. Усё!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі