"Супраць цябе могуць ілгаць шэсць супрацоўнікаў міліцыі — гэта рэальна"

"Супраць цябе могуць ілгаць шэсць супрацоўнікаў міліцыі — гэта рэальна"

"Я ішоў у краму прыцаніцца. Мне трэба было паглядзець плітку, каб змяніць тое-сёе", — прыгадвае падзеі нядзелі 26 сакавіка 2017 года пінчанін Андрэй Вабішчэвіч. Прыцаніцца ў Андрэя не атрымаецца: на парозе крамы яго затрымлівае участковы. Яму нібыта па рацыі паступіла інфармацыя, што з акцыі недармаедаў, якая ў гэты час адбываецца побач, на плошчы Леніна, ад міліцыі ўцякаюць пратэстоўцы.


Далей — у духу беларускага сюррэалізму: міліцыянер не верыць Андрэю, што яго завуць Андрэй Вабішчэвіч, саджае ў "козлік", "козлік" завозіць у аддзяленне ГАУС. Там высвятляюць асобу Андрэя, складаюць пратакол допыту і адпускаюць. А праз чатыры дні тэлефануе ўжо іншы ўчастковы, запрашае на размову, падчас якой дастае прыгатаваны пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве!


"Я ў шоку! Ведаеце, калі раней чытаў пра такія рэчы, думаў, што гэта, можа, і не зусім так. А тут, на сваім асабістым досведзе ўпэўніўся. Рэальна супраць цябе могуць ілгаць шэсць супрацоўнікаў міліцыі. Нельга пакідаць такое беспакарана", — разважае Андрэй.


З пратаколам Вабішчэвіч не пагаджаецца. Хуценька наймае адваката і ідзе па раёне шукаць камеры відэаназірання, на якіх могуць быць бачныя яго перасоўванні ў той дзень. 


6-га красавіка на судзе супраць Вабішчэвіча сведчаць супрацоўнікі... АБЭП: іх сілы былі пушчаныя на падтрымку калег з міліцыі на плошчы Леніна. Абэпаўцы пераконваюць суд, што у 12.30 Андрэй браў удзел у мітынгу. Але ў гэты час ён ужо сядзеў у ГАУС (дзе чамусьці не працуюць камеры відэаназірання). Затое ў судзе прагледжаныя запісы з іншых камер назірання, дзе бачны Андрэй. У тым ліку, і момант яго затрымання на парозе крамы — у 12.15. У выніку суд становіцца на бок Вабішчэвіча.

А 26 верасня пінчанін падае ў суд на супрацоўнікаў Пінскага ГАУС і патрабуе вярнуць грошы, якія ён патраціў на адваката — 370 рублёў. Цікава, што “падатак на дармаедства” — 360 рублёў.


Тут пачынаецца другая серыя беларускага сюру: ГАУС фінансуецца з дзяржбюджэту, таму кампенсаваць урон павінен Мінфін. Мінфін пратэстуе: мы можам гэта зрабіць, толькі ў выпадку, калі міліцыя дзейнічала неправамерна. Але яна дзейнічала ў межах заканадаўства! Міліцыянты, якія затрымлівалі Андрэя, на суд не прыходзяць. Ліст ад пракуратуры сведчыць пра тое, што была праведзеная пракурорская праверка, дзеянні ўчастковага, які складаў пратакол, прызнаныя неправамернымі. Суд зноў падтрымлівае Вабішчэвіча і абавязвае казну Рэспублікі Беларусь кампенсаваць выдаткі пінчаніна на адваката і судовыя пошліны.


Па словах Андрэя, у сакавіку падчас акцый недармаедаў ён займаўся ліквідацыяй уласнага прадпрыемства, пра мітынгі нічога не ведаў. А цяпер ён, інжынер-будаўнік — беспрацоўны. 


"Калі будзе сітуацыя, што трэба выказаць грамадзянскую пазіцыю, я пайду цяпер на мітынг," — кажа Вабішчэвіч. 


Аднак гэта не ўсё. Пінская міжраённая пракуратура раптам перадумала, што "дзеянні ўчастковага, які складаў пратакол, неправамерныя" і падала касацыйны пратэст у Брэсцкі абласны суд.


"У матэрыялах дадзенай грамадзянскай справы не маецца якога-небудзь акта дзяржаўнага органа, які пацвярджае незаконнасць дзеянняў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў пры складанні пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні да Вабішчэвіча А.Г.", — гаворыцца ў пратэсце пракуратуры.

"Супраць цябе могуць ілгаць шэсць супрацоўнікаў міліцыі — гэта рэальна"

Алег Воўчак, кіраўнік цэнтра "Прававая дапамога насельніцтву", які дапамагае Андрэю Вабішчэвічу ў змаганні супраць самавольства пінскіх міліцыянераў, называе прэтэнзію пракуратуры некарэктнай. Ён лічыць, што пракурор чапляецца за любую дробязь, якая б дала магчымасць напісаць пратэст. Такім чынам пракуратура зацягвае час, бо напрыканцы года ў дзяржбюджэце звычайна няма грошай.


Лайфак: што рабіць, калі нечакана для сябе вы становіцеся ўдзельнікам адміністрацыйнага працэсу:


1. Як толькі участковы пачынае супраць вас адміністрацыйны працэс, пішыце скаргу ў пракуратуру на дзеянні супрацоўніка міліцыі, які прыціскае вашы правы і патрабуйце спыніць справу. За скаргу плаціць не трэба.


2. Абскарджвайце пратаколы, складзеныя супрацоўнікамі міліцыі, у кіраўніцтва РУВД. Калі быў суд, а вы пра яго раптам не ведалі, абскарджвайце у абласных і вышэйшых судах. Калі тэрміны прапушчаныя, то будзе нагода ўзнавіць справу.


3. Заяўляйце хадайніцтвы і збірайце ў працэсе доказы, што вы невінаватыя: запыты, відэа з камер назірання, сведак (імя, прозвішча, тэлефон, дамашні адрас, а лепш сведку прывесці ў суд).


Еўрарадыё працягне сачыць за гісторыяй Андрэя Вабішчэвіча.

Фота Алега Воўчака — bymedia.net

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі