Сваякі — пра парушальніка мяжы: памежнік стрэліў у яго каля бацькавай хаты
Аднавяскоўцы мужчыны, якога падстрэлілі памежнікі, абвяргаюць афіцыйную версію падзеяў.
Паводле афіцыйных звестак, 27 красавіка смаргонскія памежнікі заўважылі парушальніка мяжы. Мужчына спрабаваў уцячы. Памежнікі зрабілі некалькі стрэлаў у паветра, а потым — у мужчыну. Цяпер ён знаходзіцца ў лякарні.
Мясцовыя жыхары, аднак, заяўляюць, што ў мужчыну стралялі не ў лесе каля мяжы, а пасярод бацькоўскай вёскі, піша "Наша Ніва".
Вядома, што мужчыну клічуць Уладзімірам Зінкевічам. Яму 31 год. Сам ён родам з вёскі Муляры ў Пастаўскім раёне. але жыве ў Паставах разам з грамадзянскай жонкай. Разам яны гадуюць трохгадовага сына.
Некаторыя знаёмыя гавораць, што мужчына ездзіў у Маскву на заробкі: "Прыехаў, купіў кватэру, два надзелы, пабудаваў вялікі катэдж. Зараз рабіў унутры рамонт. Афіцыйна нідзе не працаваў. Чым мог зарабіць грошы на нерухомасць, таксама невядома".
У той дзень Уладзімір з памочнікам ездзіў па палях на машыне і збіраў металалом. Памагаў яму мясцовы жыхар Міхаіл, цяпер ён затрыманы.
Машыну, у якой яны былі, спынілі памежнікі і спыталі дакументы. Пашпарта ў Зінкевіча з сабой не было. Сваякі сцвярджаюць, што спынілі Зінкевіча не на мяжы, а на дарозе каля вёсцы Чычэлі — за 6—7 кіламетраў ад мяжы. Уладзімір затэлефанаваў Андрэю — сябру з Муляроў і папрасіў, каб той забраў яго на машыне.
"Я пад’ехаў у Чычэлі. Было два "ўазікі" і восем памежнікаў. Вова стаяў з імі, са сваім сабакам гуляў. Валодзя спакойна падышоў да мяне, пасадзіў сабаку ў машыну. Сеў сам і сказаў: паехалі. Кажа, трэба па пашпарт ехаць. Пра нейкі канфлікт ён не казаў. Я паехаў хутка, мы па дарозе нават не гаварылі пра тых памежнікаў — ну трэба і трэба пашпарт. Я не бачыў, каб за намі ехалі памежнікі", — расказвае пра падзеі Андрэй.
Па словах Андрэя, у Мулярах ён пайшоў у свой дом, а Зінкевіч — у свой. Потым пад'ехаў "УАЗ" з мігалкамі. "Пачалася нейкая мітусня, прагучалі стрэлы. Пачаліся крыкі, я пабег туды. Гляджу — Валодзя на зямлі, побач з ім сястра, яго сын малы, яго маці… Людзі стаяць вакол… Я спытаў: хто страляў? Памежнік кажа: "Я", — кажа аднавясковец Зінкевіча.
Ірына, сястра Уладзіміра, кажа, што брату стралялі ў спіну каля бацькоўскай хаты. Сама яна ў той дзень была на бацькоўскім падворку разам з трохгадовым сынам Зінкевіча. "Валодзю стралялі ў спіну, гэта было метраў за 50 ад бацькоўскай хаты. Проста на вуліцы. Я была ў двары з пляменнікам. Кажуць, спачатку памежнік страляў у паветра. Я чула два хлапкі. Адзін, і праз секунд 10 — другі. Я пабачыла, як памежнік пабег з крыкам: "На калені!" Я пабегла на шум, а за мной пабег трохгадовы сын Валодзі. Вова ўжо ляжаў на зямлі з дзіркай на грудзях: куля трапіла ў спіну і прайшла навылет. Ішла кроў. Памежнік пабялеў і пачаў званіць па тэлефоне. Я кажу: ты хуткую выклікаеш? А ён кажа там камусьці ў тэлефон, каб хуткую выклікалі — то бок, сам званіў не дактарам", — распавядае жанчына. Па яе словах, хуткую давялося выклікаць ёй самой, а потым нават везці яго насустрач дактарам.
Па словах Ірыны, пастаўскія дактары выклікалі хірурга з Віцебска, а самі зрабілі пераліванне крыві і дрэнаж лёгкага. Прыехала і брыгада дактароў з Мінска.
"У тую ж ноч пасля здарэння да мяне ноччу прыехалі людзі. Кшталту "памежнага КДБ", я там не асабліва разбіраюся. Карацей, тыя, хто займаецца ваеннымі. Былі ў цывільным. Сказалі, што калі на нас будзе ціск з боку міліцыі, памежнікаў, то каб адразу звярталася наўпрост да іх", — дадае Ірына. Што цяпер з памежнікам, які страляў, і ў якім ён статусе, жанчына не ведае.
Сам Зінкевіч жывы, ён знаходзіцца ў рэанімацыі ў Мінску. У яго цяжкі, але стабільны стан, прабіта лёгкае.