Tricky “False Idols”
Трыкі не падмануў — выдаў на 100% трып-хопавы альбом.
“Ісус памёр за нечыя грахі, але не за мае” — гэтымі словамі амерыканскай панк-песні пачынаецца новае тварэнне Трыкі, брытанскага дыназаўра трып-хопа. Новы альбом мае назву “False Idols” — ілжывыя ідалы — і вяртае да часоў Massive Attack ды росквіту даўнтэмпавых дыскатэк 90-х.
У новым, 10-м па ліку альбоме, Трыкі прылюдна каецца за ўсе свае грахі — а менавіта, за апошнія два альбомы. У розных інтэрв’ю ён рэзка крытыкуе сябе былога, які пайшоў за прынадамі шоў-бізу і намагаўся пладзіць камерцыйна прывабныя песні. Трыкі нарэшце зразумеў, што такім падыходам ён распужае ўсіх сваіх прыхільнікаў, ды сябе страціць. Таму ў новым альбоме — ніякіх рэверансаў у бок чужых поглядаў, а толькі тое, што самому Трыкі падаецца істотным і трапным. Для гэтага, дарэчы, музыка завязаў супрацоўніцтва з іншымі лэйбламі і адчыніў свой уласны лэйбл, “з блэкжэкам і шлюхамі”. Назваў яго, як і альбом, “False Idols”.
Пакаяўшыся, Трыкі ўтаймоўвае сваё эга — амаль усе новыя песні аддае праспяваць малавядомым лэдзі з шыкоўнымі галасамі. Адна з іх — новая муза Франчэска Бэльмондэ, якая бярэ на сябе галоўную вакальную працу. Астатнія чароўныя галасы належаць спадарыням з іншых краін — нігерыйцы Nneka і кітаянцы Фіфі Ронг. У адной з песень, дарэчы, Фіфі спявае на кітайскай (“Chinese Interlude”).
Пра што гэтая песня, нам, на жаль, не вядома, а вось усе астатнія, якія на англійскай, распавядаюць пра бясконцую барацьбу з жыццём за жыццё, як і належыць хмураму брыстальскаму музыку. “Nothig Changed/I feel the same/Feel same pain” “Нічога не змянілася. Я адчуваю, як і раней. Той жа боль”.
У музычным плане Трыкі дасягнуў ледзь не ідэалу. З інструментаў — вакал і бас, вакал і бубны, вакал і раяль. Мінімалістычнае спалучэнне такіх моцных складнікаў дае адчуванне бясконцасці, прасторы, аб’ёму, паветра — некага такога эфіру, у якім сам Трыкі сядзіць недзе заўсёды побач са слухачом і мармыча яму свае сакральныя фразы пра сэнс жыцця.
Альбом “False idols” вывеў Трыкі з лабірынтаў медных труб на няспешную дарогу трып-хопу, па якой ужо з 2010-га не ездзіла нічога прыстойнага (з часоў, калі калегі Трыкі, Massive Attack выдалі “Heligoland”). А дзякуючы “Ілжывым Ідалам” ёсць нагода чакаць, што на гэтай дарозе хутка з’явяцца новыя, нікому не вядомыя, але нечакана таленавітыя музыкі.