Трохбаковая сустрэча ў Мінску пачалася і… не працягнулася
Ля месца падзення малайзійскага “Боінга” па-ранейшаму ідуць баі, а перамовы аб вызваленні закладнікаў і ваеннапалонных ідуць у ранейшым рэжыме.
Шырока анасаваная сустрэча кантактных груп прадстаўнікоў Украіны, Расіі, АБСЕ і данецкіх сепаратыстаў праходзіць у Заслаўі 31 ліпеня і 1 жніўня. Па завяршэнні бакі заяўляюць аб задаволенасці і дамаўляюцца сустрэцца ізноў. Праз тыдзень. Але не сустракаюцца. Былы амбасадар Украіны ў Беларусі Раман Бязсмертны расказвае, што ад сустрэчы ў Заслаўі адпачатку нельга было чакаць імгненных вынікаў.
“Гэта была проста кантактная група. Адсюль і інфармацыі няма. З такіх дыялогаў яна не можа выносіцца. Такі дыялог — гэта толькі падрыхтоўка паўнавартасных сустрэч. Яго задача — падрыхтоўка метадалогіі. Там не вырашаюцца пытанні па сутнасці”.
Аднак у караценькай справаздачы, апублікаванай на сайце АБСЕ пасля візіту яе прадстаўнікоў у Заслаўе, гаворыцца аб поспехах. Вітаецца факт допуску групы экспертаў на месца падзення авіялайнера, а таксама дэкларуецца “неадкладнае вызваленне пэўнай колькасці пазбаўленых свабоды асобаў”. Але ўзброеныя сутычкі на месцы падзення “Боінга” працягваюцца і праз некалькі дзён, што робіць немагчымым нават пошукі дагэтуль не знойдзеных целаў ахвяр. Нічога не чуваць і пра пачатак абмену закладнікамі і ваеннапалоннымі. Ён перыядычна адбываецца, але ранейшымі тэмпамі і паводле ранейшых схемаў, расказвае Раман Бязсмертны.
“Існуюць асобныя групы, якія вядуць перамовы па кожным канкрэтным участку і па кожным горадзе. Такое ёсць і працягваецца. Ёсць асобная група АБСЕ, якая займаецца гуманітарнымі пытаннямі і гэтак далей. А што гэта ўсё звальваецца ў кучу, то вы ж разумееце — вайна заўсёды усё перамешвае і раўняе. Вызваленні закладнікаў — не вынік дыялога кантактных груп”.
У амбасадзе Украіны ў Мінску Еўрарадыё паведамілі, што пытанне аб абяцаным працягу трохбаковых сустрэч трэба накіроўваць беларускаму МЗС. Маўляў, гэта Мінск займаецца ўсімі арганізацыйнымі пытаннямі і ад яго залежыць дата, месца і фармат працягу сустрэч. Але наш МЗС маўчыць. Разам з АБСЕ, сваімі калегамі з МЗС Украіны, адміністрацыямі Парашэнкі і Лукашэнкі. Не маўчыць толькі расійскі міністр замежных спраў Лаўроў, які называе сустрэчу ў Заслаўі менавіта “перамовамі паміж бакамі ўкраінскага крызісу” і характарызуе яе як “пазітыўны факт”. Хаця, магчыма менавіта безвыніковасць сустрэчы пад Мінскам для Расіі такім і ёсць.
Вечарам 8 жніўня робіцца вядома, што Лукашэнка агучыў ідэю правесці ў Мінску сустрэчу прэзідэнтаў Расіі, Украіны, Казахстана і Беларусі. І адбыцца яна павінная “ў найбліжэйшы час”.