У Беларусі змогуць пазбаўляць грамадзянства, але не ўсіх
У Беларусі змогуць пазбаўляць грамадзянства, але не ўсіх грамадзян. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў 2-м чытанні законапраект аб змяненні закона "Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь". Як паведамляе БЕЛТА, норма аб страце грамадзянства не будзе распаўсюджвацца на грамадзян РБ, якія нарадзіліся ў межах яе сучаснай тэрыторыі. Таксама яна не датычыць тых, што былі грамадзянамі СССР і атрымалі беларускае грамадзянства. А распаўсюджваецца новаўвядзенне на замежнікаў або асобаў без грамадзянства, якія яго атрымалі і "парушылі ўзятыя пры набыцці грамадзянства абавязацельствы выконваць і паважаць Канстытуцыю Беларусі". Гаворка ідзе пра ўдзел ў тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці, ці пра "прычыненне цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі".
У Палаце прадстаўнікоў законапраект прадстаўляла Марыя Васілевіч, член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ. Яна падкрэсліла, што ўдзел чалавека ў згаданай дзейнасці мусіць быць пацверджаны судом. Прысуд павінен уступіць у законную сілу. Па словах Васілевіч, пытанне аб страце грамадзянства будзе разглядацца ў выключных выпадках. Яго можна будзе абскардзіць у судовым парадку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.