У Брэсце на чыгуначным вакзале міліцыя затрымала актывістку АГП
Аліна Літвінчук везла з Мінска пасведчанні сябраў ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі.
Пачатак збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты ў Брэсце пачаўся з затрымання. Раніцай 23 ліпеня на чыгуначным вакзале "Брэст-Цэнтральны" міліцыянеры затрымалі актывістку Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аліну Літвінчук. Пры сабе дзеўчына мела больш за 100 пасведчанняў сябраў ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў намеснік старшыні АГП Уладзімір Вуек:
"Сёння пачатак збору подпісаў. Мы планавалі правесці ў горадзе шэраг пікетаў, але ў 7.50 каля вагона, з якога выходзіла Аліна, да яе падышлі супрацоўнікі Ленінскага РАУС. Яны не прадставіліся, паведамілі толькі, што яна затрыманая і будзе дастаўлена ў пастарунак для тлумачэння сітуацыі".
Зараз Аліна Літвінчук знаходзіцца ў Ленінскім РАУС г. Брэста. Па папярэдняй інфармацыі, на яе складаюцца адразу 2 адміністратыўныя пратаколы. Праўда, у чым вінавацяць сяброўку АГП, пакуль невядома.
Па словах Вуека, каардынатары ініцыятыўнай групы паведамілі пра інцыдэнт у ЦВК. Там паабяцалі разабрацца, але ў выпадку, калі ў дзеяннях затрыманай сапраўды няма складу правапарушэння.
Здымак з архіву. Фота: сацыяльныя сеткі.