У Брэсце сёлета запрацуе школа-сад, адкрыццё якой пераносілася некалькі гадоў
Сёлета ў Брэсце ў мікрараёне Паўднёвы будзе ўведзеная ў эксплуатацыю новая школа-сад на 471 месца. Яе адкрыццё пераносілася некалькі гадоў, аднак цяпер кіраўніцтва горада абяцае, што ўстанова ўсё ж такі будзе ўведзеная эксплуатацыю ў 2016-м годзе. Пра з’яўленне новай школы-садка актывістам стала вядома з адказаў чыноўнікаў на іх лісты.
Пра гэта Еўрарадыё распавёў Ігар Маслоўскі, старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП (Грамада).
Маслоўскі: “Два разы пераносіўся ўвод у эксплуатацыю дзіцячай школы-садка, якая будуецца ў мікрараёне Паўднёвы. На жаль, цяпер у адказах і гарадскога выканаўчага камітэта, і абласнога выканаўчага камітэта няма канкрэтных лічбаў — колькі грошай будзе выдаткавана на будаўніцтва менавіта гэтай школы. Аднак адзінае, што цяпер вядома, яна ўсё ж такі будзе ўведзеная ў эксплуатацыю сёлета”.
Больш за тры гады актывісты БСДП (Грамада) звярталі ўвагу ўладаў на тое, што ў сувязі з ростам колькасці насельніцтва ў Брэсце, застаецца актуальнай праблема даступнасці дашкольнай і школьнай адукацыі. Многія мікрараёны горада не забяспечаныя неабходнай колькасцю, як дзіцячых дашкольных устаноў, так і ўстаноў сярэдняй школы. Гэта прыводзіць да таго, што раённыя аддзелы адукацыі прапануюць бацькам месцы ў дзіцячых садках на тэрыторыі ўсяго горада, часта значна аддаленага ад месца жыхарства сям'і. За вырашэнне праблемы было сабрана і накіравана уладам звыш тысячы подпісаў.
Маслоўскі: “Адна з вялікіх праблем горада Брэста — гэта тое, што катастрафічна не хапае месцаў у дзіцячых садках і нават пачатковай школе. Недахоп установаў адукацыі мы прапаноўваем вырашаць на працягу некалькіх гадоў. Для гэтага мы накіравалі ў гарадскі выканаўчы камітэт і міністэрства адукацыі адмысловыя лісты. Мы нават прапанавалі свой план, каб горад распланаваў стратэгію развіцця, а для гэтага правесці паўнавартасную сесію гарадскога савета дэпутатаў”.
Па словах Маслоўскага, прыклад школы-садка ў мікрараёне Паўднёвы, адкрыццё якой пераносілася два гады запар, вельмі добра ілюструе істотны недахоп у працы ўладаў горада. А менавіта, адсутнасць публічнасці ў выдзяленні сродкаў на будаўніцтва аб'ектаў адукацыі. Для кантролю грамадскасці актывісты прасілі агучыць сумы, запланаваныя на будаўніцтва ўстаноў адукацыі ў 2014, 2015 і 2016 гадах ды замацаваць іх у адмысловым артыкуле расходаў гарадскога бюджэту. Аднак такіх лічбаў у адказах гарвыканкама няма. На думку Ігара Маслоўскага, калі не агучваць канкрэтныя сумы ў бюджэце, то сітуацыя з зацягнутым будаўніцтвам можа паўтарыцца.
Апроч іншага, у 2016-м будзе вырашаная аналагічная праблема і ў Паўднёва-Заходнім мікрараёне-2. Там сёлета закончыцца будаўніцтва прыбудовы да існуючых яслей-садка. Праект па заканчэнні пашырыць установу адукацыі да 260 месцаў.
“Гэта цяпер вялікая праблема, бо ў гэтым мікрараёне фактычна няма дзіцячых садкоў. Гэта мікрараён новы, вырас ён хутка і цяпер яшчэ будуецца. Маладым бацькам прыходзіцца вазіць сваіх дзяцей у іншыя часткі горада”.
Фота: Еўрарадыё