У “доме Чыжа” затапіла 12 паверхаў на 80 тысяч долараў
Гаспадары паспелі застрахаваць кватэру. Еўрарадыё даведалася пра ўмовы і кошты страхавых полісаў ды самыя частыя рызыкі.
У адной з кватэр знакамітага “Дома ля Троіцкага” ў Мінску здараецца патоп, які пашкодзіў 12 паверхаў. Пра гэта на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы распавядае Валянцін Лопан:
“Учора падаўжаў аўтаграмадзянку ў страхавой кампаніі “Белрасстрах”, — піша пра крыніцу інфармацыі Валянцін. — Агент распавёў, што ў сярэдзіне лістапада ў “доме ля Троіцкага” (ён жа таксама вядомы як “дом Чыжа”) ад разрыву шланга ў свежаадрамантаванай трохпакаёвай кватэры плошчай пад 150 кв.метраў былі затопленыя 12 паверхаў пад ёй”.
Старшыня таварыства ўласнікаў элітнага дома пацвярджае факт здарэння, але ні імёнаў, ні нумароў кватэр, натуральна, называць не жадае.
“Калі вы ўяўляеце звычайны шланг, якім падключаюць ваду, то вось ён ці быў дрэнна прымацаваны, ці нейкі брак быў, — каментуе Аляксандр Селівон. — Карацей, яго сарвала. Вада лілася ў шафе пад мыйкай і, натуральна, залівала. Але з-за таго, што ніжэй па стаяку шмат у якіх кватэрах людзі не жылі, а ў некаторых нават рамонт яшчэ не пачыналі рабіць, заўважыць гэта не было каму”.
Пашанцавала, што асноўная вада пайшла па вентыляцыйнай шахце, дадае старшыня таварыства ўласнікаў. У выніку працёк выпадкова заўважылі мясцовыя сантэхнікі, якія праводзілі шараговае тэставанне адной з кватэр. Яны і паведамілі гаспадарам, што з іх кватэры затапляюцца ніжнія паверхі.
“Калі б сарвала гэты шланг ноччу, напрыклад, і ліло ўсю ноч і нікога б не было, то мы б убачылі ўжо толькі тады, калі б яна дайшла да самага нізу, да кансьержа. Але, відаць, яна толькі паўгадзінкі, ці яшчэ менш палілася. Так што можна сказаць, што пашанцавала… усім”, — дадае Аляксандр Селівон.
Ад якіх рызык можна застрахаваць кватэру і колькі гэта каштуе?
“Любое страхаванне — ад нейкіх канкрэтных рызык, — распавядае супрацоўнік аддзела метадалогіі “Белрасстрах”. — Для кватэраў у нас існуе стандартны пакет рызык, які ўключае пажар, уздзеянне вады і пару, то бок заліванне, супрацьпраўныя дзеянні трэціх асобаў і крадзеж. Часцей за ўсё адбываецца менавіта заліванне, то бок суседзі заліваюць кватэру, якая застрахаваная”.
Сума страхоўкі залежыць ад колькасці пакояў кватэры. Агучаны пакет рызык разам са страхаваннем абсталявання, аздаблення ды маёмасці для аднапакаёўкі, напрыклад, у тым жа “Белрасстраху” будзе каштаваць каля 45 долараў за год пры страхавой суме ў 33 тысячы долараў. Двухпакаёўка — $85 на год, трохпакаёўка — $125, чатырохпакаёўка — $190 і г.д.
“Гаспадары кватэры, на шчасце для іх, набылі страхавы поліс на аздабленне кватэры і іншага за 125 долараў, — піша на сваёй старонцы Валянцін Лопан і гэта пацвярджаюць у “Белрасстраху”. — Страхавая выплаціла 75 тысяч долараў па гэтым полісе і яшчэ 5 тысяч адказнасці за шкоду трэцім асобам”.
Самы буйны страхоўшчык краіны “Белдзяржстрах” прапануюць гаспадарам кватэр самім ацаніць сваю маёмасць. Гадавы поліс у такім выпадку будзе каштаваць 0.6% ад вызначанай сумы. Самай частотнай рызыкай прадстаўнік кампаніі таксама называе затапленне.
“Найбольшыя сумы выплат, натуральна, пасля пажараў, — разважае старшыня ўпраўлення страхавання маёмасных зацікаўленасцяў грамадзян Андрэй Капуста. — Як правіла, пасля пажараў выплаты пакрываюць страхавую суму. А пасля залівання выплаты ў сярэднім — 7 мільёнаў рублёў”.
Фота: primamedia.ru