У Гродне 11,5 тысячы подпісаў за Цярэшчанку прызнаныя несапраўднымі
Па звестках выбаркамаў, у падпісных лістах былі мёртвыя і выдуманыя людзі.
11 509 подпісаў за вылучэнне Віктара Цярэшчанкі кандыдатам у прэзідэнты Беларусі прызнаныя несапраўднымі. Такі вынік праверкі падпісных лістоў прэтэндэнта ў тэрытарыяльных выбаркамах Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Гродна.
У падпісных лістах за палітыка знайшліся прозвішчы нават памерлых людзей. Ёсць там і прозвішчы выдуманых людзей, існаванне якіх не пацвярджае аддзел па грамадзянстве і міграцыі, перадае праваабарончы сайт "Вясна".
Гродзенская міліцыя даслала ў тэрытарыяльны выбаркам афіцыйны ліст, у якім заявіла, што ў падпісных лістах за Цярэшчанку нумары пашпартоў не супадаюць з рэальнымі прозвішчамі.
Пытанне з фальшаванымі подпісамі за Віктара Цярэшчанку ў Гродне будзе разглядацца на бліжэйшым пасяджэнні Цэнтрвыбаркаму.
Фота: bymedia.net