У Маскве заявілі, што могуць перакінуць у Беларусь новыя ўзбраенні
Намеснік старшыні камітэта Дзярждумы Расіі па абароне Франц Клінцэвіч гаворыць пра гэта, як пра вырашанае пытанне.
Ён, дарэчы, беларус, ураджэнец Гродзеншчыны.
Як паведамляе РІА "Новости", Клінцэвіч заявіў, што Расія прыме ўсе неабходныя меры па адэкватным супрацьдзеянні пастаяннаму размяшчэнню войскаў NATO ва Усходняй Еўропе. У тым ліку з дапамогай дыпламатычных перамоваў, альбо праз перакідку сучасных ўзбраенняў да расійскай мяжы ды ў Беларусь.
Франц Клінцэвіч адзначыў, што Масква не можа забараніць суседнім краінам размяшчаць войскі NATO на іх тэрыторыі, але адэкватна адкажа. "Мы наблізім сучасныя ўзбраенні да межаў Расійскай Федэрацыі, хаця гэта сёння не мае ніякага значэння. Мы наблізім гэтае ўзбраенне на тэрыторыю Беларусі, каб там мець яшчэ большыя магчымасці і гэтак далей", — заявіў Клінцэвіч.
Ён звярнуў увагу кіраўнікоў краін Усходняй Еўропы, што размяшчэнне на іх тэрыторыі аб'ектаў NATO аўтаматычна ставіць іх пад удар. "Сёр'ёзны аб'ект на тэрыторыі Літвы, любы сучасны ядзерны боепрыпас — гэта практычна Літвы няма", — сказаў Клінцэвіч.
Паводле слоў палітыка, тое, што робіць NATO — "гэта пачатак новай халоднай вайны", якую пачала не Расія. Франц Клінцэвіч прызнае, што расіянам давядзецца напружыцца, але праблемы яны вырашаць.
Фота — ria.ru