У Мінску ідзе суд па карупцыі ў Нацбанку і Фондзе сацабароны насельніцтва
1 лютага ў судзе Ленінскага раёна Мінска пачаўся працэс па справе аб карупцыі ў Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) і Нацыянальным банку. Як піша tut.by, падсуднымі па справе праходзяць восем чалавек, у тым ліку высокапастаўленыя дзяржаўныя службоўцы і топ-менеджэры вядомай камп'ютарнай фірмы. Шэсць падсудных знаходзяцца падчас суда ў "клетцы", два — не пад вартай.
Чыноўнікаў вінавацяць у злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці, а таксама ў атрыманні хабару. Бізнесоўцам выставілі абвінавачанні ў дачы хабару.
Пра выкрытыя карупцыйныя схемы ў ФСАН І Нацбанку напрыканцы 2016 года паведаміў КДБ. Спецслужба заявіла, што схемы былі арганізаваныя работнікамі вядомага сістэмнага інтэгратара "БелАВМ" на чале з гендырэктарам Дзмітрыем Роніным.
Спачатку сілавікі затрымалі кіраўніцу Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Людмілы Бачылы. Па версіі следства, яна атрымала ад Роніна 20 тысяч долараў хабару. Былі затрыманыя намеснік гендырэктара "БелАВМ" Мікалай Рамановіч (ён не пад вартай), які быў саўдзельнікам у перадачы хабару Бачыле, а таксама дырэктар дэпартамента продажаў гэтай кампаніі Леанід Гарбачэўскі (не пад вартай) і начальнік упраўлення інфарматызацыі ФСАН Віталь Старавойтаў, адказны за падрыхтоўку конкурсных дакументаў на закупку вылічальнай тэхнікі. Паводле інфармацыі КДБ, усе яны разам распрацавалі "патрэбнае" тэхнічнае заданне, якое дазволіла кампаніі "БелАВМ" перамагчы ў аўкцыёне. За гэтую дапамогу Старавойтаў пры пасярэдніцтве Гарбачэўскага атрымаў 4000 долараў. Сума кантракту на пастаўку сеткавага абсталявання і вылічальнай тэхнікі ў ФСАН склала 2,25 млн рублёў, у тым ліку гэта былі пастаўкі ў рамках дзяржпраграмы.
Другую карупцыйную схему па "дамоўных" тэндарах на пастаўку абсталявання сілавікі выявілі ў Нацбанку. Там затрымалі начальніка галоўнага ўпраўлення валютна-фінансавага маніторынгу Анатоля Мароза і яго намесніцу Кацярыну Паўлоўскую. Следства кажа, што яны атрымалі ад Роніна хабар — 2200 долараў і шосты "Айфон" за выдачу дазволу на падаўжэнне тэрміну завяршэння знешнегандлёвага кантракту, калі час падачы такой заявы ў Нацбанк ужо прайшоў.
Таксама сілавікі затрымалі кіраўніка нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі "Адзіная разлікова-інфармацыйная прастора" (АРІП) Алега Верамейчыка. Ён, па версіі следства, у ліпені 2016 года атрымаў ад Роніна 9000 долараў, а ў лістападзе 6400 еўра за правядзенне на карысць "БелАВМ" тэндару на пастаўку абсталявання на суму каля 28 млрд недэнамінаваных рублёў