У Мінску самыя забруджаныя вуліцы — Радыяльная і Ціміразева
Гарадамі, што менш за ўсё змагаюцца з забруджваннем паветра ў ЕС прызналі Лісабон і Люксембург. У Беларусі найбруднейшае паветра — у Мінску і Магілёве
Еўрапейскае экалагічнае бюро апублікавала вынікі даследавання, паводле якога вызначаліся гарады, што найбольш паспяхова змагаюцца з забруджваннем паветра. У спіс трапілі 23 населеныя пункты Заходняй Еўропы.
Самымі паспяховымі паводле рэйтынгу прызнаныя Цюрых, Капенгаген і Вена. За апошні час у гэтых гарадах знізілася колькасць аўтамабіляў, істотна павысіліся нормы чысціні транспартных сродкаў. Крыху ніжэй месцяцца Берлін, Хельсінкі, Парыж, Лондан і Штутгарт. Горш сітуацыя ў Дубліне, Глазга, Мадрыдзе і Рыме. Замыкаюць спіс Лісабон і Люксембург, якія амаль не змагаюцца з забруджваннем паветра.
Сітуацыя з забруджваннем паветра ў беларускіх гарадах здавальняючая, запэўнівае кіраўніца сектара інфармацыі і аналітыкі Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Багдана Казерук. Паводле яе слоў, у нашай краіне няма гарадоў з брудным паветрам, але ёсць населеныя пункты з праблемнымі раёнамі. У Мінску гэта раён вуліц Радыяльнай і Ціміразева. У Гомелі — вуліца Барыкіна. Ёсць тры праблемныя раёны і ў Магілёве — паўднёва-заходняя, паўночная і цэнтральная часткі горада.
“У Мінску на вуліцах Радыяльнай і Ціміразева ў паветры фіксуецца павышанае ўтрыманне дробнадысперснага пылу, акрамя гэтага ў раёне вуліцы Ціміразева эпізадычна фіксуецца павышаная канцэнтрацыя аксіду вугляроду, а ў раёне вуліцы Радыяльнай — дыаксіду азоту. Так і ў Гомелі”, — адзначае спецыяліст.
У Наваполацку і Полацку падчас неспрыяльных накірункаў ветру фіксуецца павышаная канцэнтрацыя дыаксіду серы.
Мазырскі НПЗ
Цікава тое, што ў 2014 годзе нават у такіх “прамысловых” гарадах, як Гродна, Мазыр, Светлагорск і Бабруйск стан паветра ацэньваўся як стабільна добры. Павелічэнне ўзроўню забруджанасці там адзначалася толькі ўлетку, у перыяд з высокімі тэмпературамі (канец ліпеня — першая палова жніўня). Тады ў паветры фіксавалася павышаная канцэнтрацыя фармальдэгіду.
Фармальдэгід — гэта другаснае рэчыва, і ў выкідах прысутнічае ў маленькай колькасці. Яно ўтвараецца ў выніку фотахімічных рэакцый. Паводле афіцыйных дадзеных Міжнароднага агенцтва па даследаванні раку, даказаная сувязь фармальдэгіду з павышанай рызыкай развіцця ракавых пухлін насаглоткі.
Фота: fastcoexist.com, mnpz.by