У нас шмат агульнага — Святлана Ціханоўская і прэм'ер Літвы выступілі з заявай

Інгрыда Шыманітэ і Святлана Ціханоўская

Інгрыда Шыманітэ і Святлана Ціханоўская / @tsikhanouskaya

Святлана Ціханоўская і прэм'ер-міністр Літвы Інгрыда Шыманітэ выступілі з праграмным артыкулам пра беларуска-літоўскія адносіны. Тэкст апублікаваў рэсурс Delfi. "Зеркало" піша, што ідэя артыкула з'явілася на сустрэчы двух палітыкаў у Вільнюсе ў канцы кастрычніка.

"Зараз, калі пачалася вайна і ёсць пэўны канфлікт унутры грамадства, трэба даслаць ясны мэсідж: Літва будзе падтрымліваць Беларусь, а беларусы ўдзячныя Літве і будуць змагацца за сваю свабоду. Еднасць паміж Літвой і Беларуссю трэба ўмацоўваць, бо мы саюзнікі ў нашай барацьбе", — патлумачыў старшы саветнік Ціханоўскай Франак Вячорка.

Палітыкі ў супольным артыкуле кажуць пра тое, што ў цяперашніх умовах (вайны Расіі супраць Украіны і рэпрэсій Лукашэнкі супраць беларусаў) "адзінства нашых краін і народаў — вольналюбівых беларусаў і літоўцаў — становіцца важней, чым калі-небудзь". Аўтары артыкула адзначаюць, што беларусы і літоўцы "звязаныя значна мацней, чым простай геаграфічнай блізкасцю і агульнай гісторыяй".

"Наша сяброўства доўжыцца ўжо стагоддзі. У нас шмат агульнага: ад падобнай кухні і народных традыцый да нацыянальных герояў, такіх як Канстанцінас Калінаўскас, ён жа — Кастусь Каліноўскі. Іх спадчына працягвае жыць у нашым вальналюбстве, нашай непахіснай рашучасці зрабіць абедзве нашы краіны свабоднымі", — пішуць Святлана Ціханоўская і Інгрыда Шыманітэ.

У тэксце таксама гаворыцца аб літоўскім вопыце здабыцця свабоды ў пачатку 90-х і беларускай спробе 2020-га, а таксама аб падтрымцы, якую аказала Літва беларусам і рэпрэсіях, якія разгарнула і працягвае здзяйсняць беларуская ўлада.

"Літоўцы выдатна ведаюць, чаму нельга ўраўноўваць паміж сабой дыктатара Лукашэнку і вольналюбівы народ Беларусі. Нездарма тысячы беларусаў, вымушаных бегчы са сваёй краіны праз узмацненне рэпрэсій, знайшлі новы дом менавіта ў Літве", — гаворыцца ў артыкуле. Рэжым Лукашэнкі, на думку аўтараў, уяўляе сабой пастаянную пагрозу не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы, а беларусы заслугоўваюць безумоўнай міжнароднай падтрымкі. І "у гэтых адносінах Літва — далёка не проста сусед, а сапраўдны сябар і саюзнік".

"Дэмакратыя ў Беларусі — гэта не нейкая далёкая мара. Гэта мэта, якой мы павінны дасягнуць разам", — адзначылі Святлана Ціханоўская і Інгрыда Шыманітэ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі