У плакат кандыдата Ціханенкі “дадрукавалі” лецішча і каракаціц
Напярэдадні афіцыйнага дня галасавання кандыдат у дэпутаты па Асаналіеўскай акрузе №15 Дзяніс Ціханенка атрымаў паведамленне ад выбаршчыка: “Вам нехта зайздросціць” і здымак агітацыйнага плаката на прыпынку з “дадрукаванымі біяграфічнымі звесткамі”: “Гэта мне ўдалося падмануць Выбаркам (у дэкларацыі аб даходах не ўказваў бізнес і шыкоўнае лецішча ў Італіі) і пераканаць выбаршчыкаў у Маіх “чыстых” і “шчырых” намерах на дэпутацкі мандат. Галасуйце за Мяне, каб Маё жыццё палепшылася ў разы і я змог часцей бываць на сваім лецішчы і есці каракаціцы на моры!”
“Мяне гэтая гісторыя павесяліла, — кажа кандыдат. — Атрымалася прыкольна. Мяркуючы па рэакцыі, якая пайшла ў сацыяльных сетках, усе з гэтага толькі пасмяяліся”.
Тым не менш, здымак плаката з дапісанай біяграфіяй апынуўся ў сацыяльных сетках і, зразумела, выклікаў пытанні, маўляў, а сапраўды, як ён жыў увесь 2016 год без даходаў?
Пра тое, як можна пражыць без даходоў
“Я не атрымліваў даходу ў 2016 годзе ў нашай рэспубліцы (пра што напісана ў афіцыйных звестках), бо не з'яўляўся падатковым рэзідэнтам. У той час я больш за паўгода правёў за мяжой і, адпаведна заканадаўству Беларусі, быў не абавязаны дэклараваць свае даходы. У апошні час я працаваў памочнікам дэпутата. Мой зарабак — крыху менш за 600 рублёў у месяц. Вось на гэтыя грошы я жыву”.
Пра італьянскае лецішча
Па словах кандыдата, інфармацыя наконт лецішча сапраўды — не казка, але Ціханенка не з’яўляецца яе гаспадаром: “Гэта лецішча — ўласнасць зусім іншага чалавека. Я яго здымаю і прыязджаю туды, калі стамляюся ад працы ў Беларусі”.
Пра каракаціц
“Сапраўды, мая любімая страва — каракаціцы. Гэта вельмі карысны марскі прадукт. Ён утрымлівае значную колькасць розных вітамінаў і бялкоў. Акрамя гэтага, каракаціца — адзіны прадукт жывёльнага свету, у якім прысутнічае натуральны антыбіётык. Усе мы падвяргаемся ўздзеянню нейкіх вірусаў, а рэгулярнае ўжыванне каракаціцы не будзе шкодзіць здароўю, як звычайныя антыбіётыкі. Таму гэта мая любімае страва. Акрамя таго, што я іх проста люблю есці, мне цікава іх гатаваць”.