У прыватным ЖЭСе — 3 скаргі за год, у дзяржаўным — 27!

Норма, якая адмяняе форму кіравання жылфондам недзяржаўнымі арганізацыямі, замацаваная прэзідэнцкім указам №461, які быў прыняты 9 кастрычніка.

Прыватныя ЖЭСы, а іх у краіне набярэцца з два дзясяткі, пра новы ўказ яшчэ не ведаюць. Але як толькі чуюць пра новаўвядзенне, аднолькава ўздыхаюць: указ дадасць праблем прыватным ЖЭСам, маўляў усіх пазакрываюць!

Дырэктар брэсцкага прыватнага ЖЭСа “Імперыя ФорБі” Валерый Бойка пра новы ўказ таксама не чуў.

“Атрымліваецца, гэта ўсё ліквідуецца. І таварыствы ўласнікаў, арганізацыі забудоўшчыкаў гэта ж таксама прыватная форма ўласнасці?”.

У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі супакойваюць: ніхто прыватныя ЖЭСы адмяняць як эксплуатуючую арганізацыю не будзе — гэта добрая канкурэнцыя дзяржаўным камунальнікам.

“Да прыкладу, забудоўшчык прызначае нейкую прыватную арганізацыю кіруючай. І гэта арганізацыя бярэ грошы ў жыхароў за кіраўніцтва наймае кансьержак, ахову і людзі плацяць за гэтыя паслугі дадаткова! Цяпер, згодна з новым указам, гэтага не будзе. Будзе ці таварыства ўласнікаў, ці дзяржаўнае кіраванне”.

На думку прадстаўнікоў міністэрства, такі ўказ прыраўняе насельніцтва ў тарыфах і ніхто не будзе пераплачваць за дадатковыя паслугі.

Еўрарадыё вырашыла паглядзець, якія ж скаргі паступаюць у прыватныя і дзяржаўныя ЖЭСы!

Тэлефаную ў звычайны мінскі ЖЭС №124, пытаюся пра колькасць скаргаў. Тут падлічваюць — 27 скаргаў за год, і нават зачытваюць апошнюю з іх.

“Прашу на вуліцы прыбраць пластыкавыя кантэйнеры, бо іх на наш чатырохпад’ездны дом замнога. Калі вам няма куды іх дзяваць здайце на металалом. А таксама просьба падрамантаваць металапрымальнік, бо смецце валяецца пад вокнамі”, — кажуць у ЖЭСе.

Пытаюся пра падзякі. Іх тут шэсць за год — дзякуюць усё тым жа дворнікам.

Цікава, што ў Брэсцкім прыватным ЖЭСе за гэты год ніводнай скаргі, а ў прыватным мінскім “Аймалін” — за цэлы год назбіралі тры.

“Людзі скардзяцца на тое, што няма ацяплення і ў кватэры вельмі холадна. Ёсць і адказ не затапілі, бо на вуліцы было + 11, а сістэму ацяплення трэба ўключаць, калі на вуліцы +8”, — распавядае бухгалтар прыватнага мінскага ЖЭСа Наталля.

Дзяўчына кажа, што якраз такім зваротам у пісьмовай форме яны вельмі… рады.

“Яшчэ адна скарга за тое, што чалавек не падаў паказчыкі за ваду і мы яму налічылі 4 кубы, а потым пералічылі, калі ён падаў. Але чалавек сказаў, што павінна быць па нулях. Але ёсць жа інструкцыя! Таму добра, што чалавек напісаў. Мы яму пісьмова адказваем, усе інструкцыі прыкладаем, а калі гаворым — нас проста не чуюць!” — расказваюць пра скаргі ў прыватным ЖЭСе. Пытаюся пра падзякі. Але іх тут няма.

“Вы што! Няхай бы і не было! "Дзякуй" так сказалі і ўсё а то, гэта ж таксама трэба адпісваць, а ў нас і так не вельмі многа часу!” — кажуць у прыватным ЖЭСе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі