У Таджыкістане выдалі каталог рэкамендаваных уладамі імёнаў

У Таджыкістане выдалі каталог рэкамендаваных уладамі імёнаў

У Таджыкістане ўлады выдалі каталог з нацыянальнымі імёнамі, якія рэкамендуецца даваць нованароджаным дзецям. У яго ўвайшло больш за 3000 імёнаў, перадае Бі-Бі-Сі. Раней у краіне быў прыняты закон, які забараняе называць дзяцей імёнамі, чужымі нацыянальнай культуры.

Імёны ў каталогу даюцца з варыянтамі напісання на таджыкскай, рускай і англійскай мовах. Наклад выдання склаў 10 тысяч асобнікаў.

Над спісам імёнаў на працягу года працаваў урадавы камітэт па мове і тэрміналогіі. У яго ўвайшлі імёны прарокаў, святых, класікаў і навукоўцаў. Прадстаўнікі камітэта кажуць, што з часам рэестр можа змяняцца і дапаўняцца.

Акрамя таго, этнічным таджыкам, якія маюць русіфікаваныя заканчэнні прозвішчаў -оў, -ова, -віч, рэкамендуецца падумаць пра замену іх на таджыкскія. На думку ўладаў, гэта дакажа іх патрыятычнасць і любоў да радзімы. Сам кіраўнік краіны, як вядома, змяніў прозвішча Рахмонаў на Рахмон. 

Для грамадзян краіны, якія не з'яўляюцца этнічнымі таджыкамі, дазваляецца выключэнне: яны могуць выбіраць імёны для дзяцей у адпаведнасці са сваёй культурай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі