У Віцебску за абразу суддзі ў сацсетках аштрафавалі на 3500 долараў
У Віцебску за абразу суддзі ў сацыяльных сетках 30-гадовага мужчыну аштрафавалі на 6900 рублёў (гэта каля 3500 долараў). Прысуд быў агучаны ў чацвер у абласным судзе. Мужчыну прызналі вінаватым у “абразе суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя” (арт. 391 КК), інфармуе БЕЛТА.
Як інфармавала Еўрарадыё, здарэнне адбылося ў лістападзе 2016 года. Жыхар Віцебска змясціў на сайце адной з тэматычных груп, прысвечаных гораду, тэкставы каментар, які “па сваім змесце ўтрымлівае лінгвістычныя прыкметы абразы суддзі” (пры гэтым мужчына выкарыстаў свой акаўнт, зарэгістраваны пад прыдуманым прозвішчам). Следства прыйшло да высновы, што мужчына зрабіў гэта наўмысна, так ён адрэагаваў на разгляд “канкрэтнай крымінальнай справы”.
30-гадовы мужчына сваю віну прызнаў толькі часткова, у сваіх дзеяннях не раскаяўся, прабачэння ў суддзі ён не прасіў.