Украінцы пра Беларусь: “Бежанцаў тут не чакаюць, не верце інфармацыі”

Званю ў Аддзел па грамадзянстве і міграцыі аднаго з раённых Упраўленняў унутраных спраў Гомеля. Паводле легенды, дальнія родзічы хочуць пераехаць у Беларусь з Данецка. У адказ чую, што лепш за ўсё ўкраінцам паспрабаваць атрымаць дазвол на жыхарства.

“30 першых дзён яны маюць права знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі. Затым трэба зарэгістравацца яшчэ на 60 дзён. Агулам атрымліваецца, што ўкраінцы могуць знаходзіцца ў нас тры месяцы без дазволу на жыхарства”, — дзявочы голас дае мне ўсю патрэбную інфармацыю.

І дадае, што калі няма блізкіх родзічаў у Беларусі (хаця б бабуль ці дзядуль), то атрымаць легальны статус маім гіпатэтычным украінцам будзе складана. А статус уцекача — увогуле праблематычна! “Ну, вы ж разумееце, пакуль яны пададуцца, пакуль заяву будзе разглядаць камісія… Нічога невядома”, — без вялікай надзеі ў голасе расказвае “пашпартыстка”.

Яшчэ адной складанасцю для ўцекачоў з Украіны ў Беларусі можа стаць абавязак знайсці працу і жыллё. Без гэтага атрымаць дазвол на жыхарства (максімум на год, потым дазвол давядзецца працягваць) малаверагодна.

Антытэрарыстычная аперацыя на усходзе Украіны працягваецца ўжо больш за тры месяцы. Дакладная колькасць ахвяр сярод мірнага насельніцтва невядомая нават Міністэрству аховы здароўя Украіны. Аднак яна ацэньваецца як мінімум у некалькі соцень чалавек. У Луганску, Краматорску, Славянску і іншых гарадах моцныя разбурэнні.

Расійскія ўлады афіцыйна паведамляюць пра 100 тысяч бежанцаў з Украіны, беларускія ад лічбаў пакуль устрымліваюцца. Аднак украінцы ўжо едуць да нас. Былая кіяўлянка Вера расказвае, што прыехала ў Мінск яшчэ зімой, і яе пераезд проста супаў па часе з падзеямі ў Кіеве. Аднак атрыманне дазволу на жыхарства і легальнага статусу ў Беларусі аказалася няпростай і вельмі дарагой справай. Нягледзячы на наяўнасць беларускага мужа са сталічнай рэгістрацыяй.

“Даволі складана гэта. І вельмі дорага. Таму што ў першую чаргу патрэбная медыцынская даведка, напрыклад. А яна ўключае кучу аналізаў. Якія для замежнікаў каштуюць у 4-5 разоў даражэй, чым для беларусаў. Яшчэ мне патрэбная даведка аб адсутнасці судзімасці. Атрымаць яе ва Украіне я не магу — трэба праз амбасаду. А гэта таксама дорага”, — расказвае Вера.

Спіс дакументаў, неабходных замежнікам для атрымання дазволу на пастаяннае жыхарства ў Беларусі, немаленькі — там ажно 10 пазіцый. Акрамя медыцынскай даведкі (а толькі аналізы каштуюць для ўкраінцаў больш за 1,5 мільёна), яшчэ аўтабіяграфія, згаданая вышэй даведка аб несудзімасці, квітанцыя аб аплаце пошліны, дакументы, якія даказваюць наяўнасць прычыны пераезду ў Беларусь, і яшчэ шмат іншага. Насамрэч няпростая справа.

Яшчэ складаней тым, хто хоча атрымаць статус уцекача. На інтэрнэт-формух вядзецца актыўнае абмеркаванне тэмы пераезду ў Беларусь з усходу Украіны. Тыя, хто гэта ўжо зрабіў, даюць не вельмі аптымістычныя парады.

“Я сама з Данецка. Цяпер жыву ў Мінску на здымнай кватэры. У аддзяленні міграцыі не далі ніякай інфармацыі, пра ўсё даведваюся з інтэрнэту, такое адчуванне, што там некампетэнтныя працуюць. Яны самі не ведаюць ні законаў, ні палажэнняў. Мой тата нарадзіўся ў Беларусі, але атрымаць тут грамадзянства амаль нерэальна без прапіскі. Так што ніякіх бежанцаў тут не чакаюць, не верце інфармацыі. Працы шмат, але знайсці годную і высокааплатную цяжка. Жыллё дарагое, як і прадукты. 1-пакаёвая кватэра з рамонтам каштуе каля 400-500 даляраў”, — скардзіцца ўкраінка Ярына.

Згодна са звесткамі Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Беларусі, з 2004 па 2013 год па атрыманне статуса бежанца да беларускіх уладаў звярнулася 43 грамадзяніна Украіны. У мінулым годзе такіх было, напрыклад, трое. Адмовілі ўсім!

У 2013 годзе ў Беларусі атрымалі статус уцекача 10 сірыйцаў, чацвёра грамадзян Афганістана, трое армян і адзін азербайджанец. Агулам 18 чалавек. Звярталася з такой просьбай да беларускіх уладаў у мінулым годзе 208 чалавек з 26 краін свету.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі