“Вольным купалаўцам” у Польшчы патрэбная пляцоўка. Дапаможам
Дзверы Купалаўскага тэатра, 2020 год / Еўрарадыё
“Цяпер купалаўцы не маюць свайго дома, сваёй сцэны. Але маюць вялікія спадзевы на тое, што знойдуць пляцоўку, дзе змогуць паўнавартасна працаваць”. Пра гэта ішла гаворка на сустрэчы з “Вольнымі купалаўцамі”, дзе прысутнічала Еўрарадыё. У Міжнародны дзень тэатра народная актрыса Беларусі Зоя Белахвосцік выступіла ў Варшаве з монаспектаклем, прысвечаным яе тэатральнай дынастыі. Прыватны аповед, ілюстраваны дакументальнымі здымкамі, добра паказвае, як мянялася жыццё самога Купалаўскага цягам гадоў за рознымі ўладамі і з якімі цяжкасцямі сутыкнулася трупа пасля вымушанай эміграцыі ў 2020 годзе. Спачатку — ва Украіну, пасля — у Польшчу.
Дапамагчы можа кожны ахвочы
Сёння, нягледзячы ні на што, купалаўцы працягваюць працаваць, і падтрымаць іх можа кожны, у каго ёсць такая магчымасць. Па-першае, патрэбная пастаянная пляцоўка. Каб рэпетаваць і ставіць свае спектаклі, трупе даводзіцца ўвесь час шукаць памяшканні, весці перамовы, плаціць за арэнду, на якую патрэбныя грошы.
Ідэальна, калі знойдзецца нейкі тэатр, які будзе гатовы ўключыць купалаўскія спектаклі ў рэпертуар і ў якім гэтыя спектаклі можна будзе як рэпетаваць, так і паказваць з пэўнай перыядычнасцю. Добра, калі гэта будзе нейкі варшаўскі тэатр, бо пакуль акцёрам даводзіцца вандраваць па розных гарадах. Праз праблемы з пляцоўкай вельмі часта рэпетаваць і цешыць гледачоў пастаноўкамі не атрымліваецца.
Фінансаванне як наяўных пастановак, так і новых праектаў магло б палегчыць жыццё трупы. Напрыклад, нейкі бізнес ці фонд мог бы ўзяць купалаўцаў ці асобныя іх спектаклі пад сваё крыло.
Адрас, па якім можна звярнуцца да купалаўцаў з любымі прапановамі, мы пакінулі пад гэтым тэкстам. Данаціць могуць і звычайныя людзі, якім неабыякавая будучыня трупы.
Любімы тэатр беларусаў
Нягледзячы на цяжкія ўмовы, Купалаўскаму тэатру ў Мінску доўга ўдавалася быць прытулкам для ўсіх беларусаў, якія з пашанай ставацца да сваёй культуры, гісторыі і мовы.
Тэатр перажыў многае. Быў час, калі ўваходны білет на спектакль каштаваў як булачка ва ўніверсаме “Цэнтральны”, што дакладна не сведчыць пра высокія заробкі акцёраў, але і гэта не перашкаджала ім шмат гадоў выходзіць на сцэну.
Тэатр захаваўся нават пасля так званай рэканструкцыі, калі амаль увесь будынак знішчылі і перабудавалі.
Захаваем Купалаўскі, каб ён вярнуўся
Стагадовыя традыцыі найстарэйшага беларускага тэатра не могуць перарвацца, бо гэта адзін з надзейных падмуркаў беларускай культуры. Акцёры, якім давялося пакінуць радзіму пасля пратэстаў, разумеюць гэта і не апускаюць рукі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.