Вы паспяшаліся напісаць некралог для KYKY: Раманава — пра будучыню праекта

Саша Раманава

Саша Раманава / коллаж Влада Рубанова, Еврорадио

На мінулым тыдні чытачам KYKY паведамілі, што праект мяняе фармат. Інфармацыя з'явілася на Patreon. У гэтым допісе экс-галоўны рэдактар Віктар Малішэўскі казаў, што з панядзелка (ужо ўчора!) усё зменіцца.

Сайт пакуль пяройдзе ў рэжым замарозкі, "нешта" адбудзецца з тэлеграм-каналам, але з чытачамі застануцца Instagram, TikTok і Patreon. Паводле словаў Малішэўскага, палова каманды KYKY сыходзіць.

Гэтая навіна прыйшла пасля іншых трывожных вестак: адразу некалькі рэдакцый пісалі адкрытыя лісты аб цяжкіх часах. Калі пасля ўсяго гэтага вас не наведала думка пра тое, што беларусы могуць страціць незалежныя медыя, вы ці вялікі аптыміст — ці вы і ёсць медыйшчык.

Але Малішэўскі пра складаныя часы не пісаў і грошай для KYKY не прасіў. А выраз "нешта адбудзецца" хоць і інтрыгаваў, але на пытанні не адказваў. Таму мы пагаварылі з Сашай Раманавай, заснавальніцай IMN і дырэктаркай KYKY.

Вы поспешили написать некролог для KYKY: Романова рассказала о будущем проекта
Саша Раманава / фота з прыватнага архіву суразмоўніцы Еўрарадыё

Саша (мяркуючы па адказах, вялікая аптымістка і дакладна медыйшчыца) запэўніла: з некралогам мы паспяшаліся.

 

"Чакаць пераменаў не ад сябе, а ад аўдыторыі ці донараў — тупіковая стратэгія"

— Кім і калі было прынята рашэнне аб перафарматаванні працы праекта KYKY.ORG? Калі пра гэтае рашэнне даведаўся калектыў рэдакцыі? Ці зразумелы ўжо фармат, у якім будзе працаваць выданне?

Пачаць хачу з самага важнага — KYKY ніхто не закрывае і не спыняе. Мы ўдзячныя калегам па медыя, якія, паспяшаўшыся, напісалі вельмі цёплыя і кранальныя эпітафіі і некралогі. Хай сабе гэта было заўчасна. Праца рэдакцыі працягнецца, праўда, у крыху змененым фармаце. Мы задумаліся над перафарматаваннем праекта каля паўгода таму.

Галоўная мэта праекта — заставацца цікавымі, карыснымі чытачу, правакацыйнымі і вясёлымі дзеўкамі-хлопцамі, якія выпрабоўваюць тэмы і ідэі, за якія яшчэ ніхто ў беларускіх медыя браўся. Мы выбудоўваем неартадаксальную мабільную рэдакцыю, і вельмі натхнёныя новымі ідэямі каманды, якая з намі застаецца. Усім супрацоўнікам, з якімі на вялікі жаль расстаемся, зразумела, мы выплацім належнае.

Вы поспешили написать некролог для KYKY: Романова рассказала о будущем проекта
Саша Раманава / фота з прыватнага архіву суразмоўніцы Еўрарадыё

Што тычыцца IMN, дзе я з'яўляюся заснавальнцай і які прыйшоў на змену Інфапойнту, то мы даволі эфектыўна працуем з праектамі, нават запускаем новыя. Зразумела, што выклікаў шмат, але пакуль спраўляемся. Мэта аб'яднання — у падтрымцы працы нестандартных медыя праектаў, стварэнне інфлюенсераў, павелічэнні аўдыторыі. Мы паказваем нядрэнныя лічбы сумарнага ахопу, і ёсць відавочныя кропкі росту.

У нас зараз адкрыта адразу некалькі вакансій, вельмі шукаем людзей на новыя праекты. Што тычыцца фінансавання, то я б не казала пра пагрозу. Гэта пастаянная цяжкая праца з крыніцамі фінансавання, якія падтрымліваюць медыя. Бываюць затрымкі, а бываюць нечаканыя поспехі.

Пра канкрэтныя крыніцы я казаць не магу, скажу толькі, што мы атрымліваем сродкі як ад інстытуцыйных донараў, камерцыйнай дзейнасці, так і ад прыватных ахвяраванняў. Апошнія, на жаль, часта ананімныя.

— Пасля таго як галоўным рэдактарам выдання стаў Віктар Малішэўскі, КУКУ планаваў вяртацца да лайфстайлу. Цяпер, пасля перафарматавання, гэтая тэндэнцыя захаваецца — ці выданне будзе больш увагі надаваць грамадска-палітычнай тэматыцы?

— KYKY ніколі не быў пра грамадска-палітычную тэматыку. KYKY быў пра эксперымент, смеласць і свежыя ідэі, якія станавіліся прарыўнымі і віральнымі, радавалі чытача, гледача, слухача і павялічвалі аўдыторыю.

Я магу ўспомніць, як мы ў канцы 2020 года кожны тыдзень мянялі дамены, з omon.wtf да massandra.net, каб абыходзіць блакіроўкі — гэта было смела і весела, пра нас многія верныя чытачы даведаліся дзякуючы гэтай задумцы. Уласна да канцэпцыі яркасці, смеласці і таго, што не робяць іншыя СМІ, мы і хочам вярнуцца. Хіба што мяняць дамены мы больш не будзем.

 

Наўрад ці заходнія падаткаплацельшчыкі нам абавязаныя

— Як асабіста вы эмацыйна ўспрымаеце неабходнасць перафарматавання КУКУ?

— Я прапусціла год і не ўдзельнічала ў жыцці рэдакцыі з прычыны нараджэння новага беларуса. Цяпер ён пайшоў у дзіцячы садок, і я з радасцю вярнуся да таго, што мне падабаецца рабіць — бавіць час весела, дапамагаючы рэдакцыі генерыць кантэнт.

— Ці можна казаць пра крызіс у беларускіх медыя? Якія шляхі выхаду з гэтага крызісу вы бачыце?

— Можна казаць пра што заўгодна, важна шукаць новыя аўдыторыі і працаваць для сваіх чытачоў. Наўрад ці заходнія падаткаплатнікі абавязаныя даваць беларускім медыя штораз больш і больш грошай пры зніжаных ахопах.

Аўдыторыя неабыякавых і гатовых падтрымаць з-за мяжы беларусаў крытычна малая, яе не хапае на ўсе нашыя СМІ. Аўдыторыю ўнутры Беларусі трэба берагчы і не падстаўляць. Як павялічыць ахопы, не падстаўляючы беларусаў? Гэта задача складаная, і таму цікавая.

— Ці падзяляюць донары беларускія і расійскія медыя? Ці бачаць неабходнасць падтрымліваць менавіта беларускі кантэнт?

— Донары і імплементары ўсе вельмі розныя, нельга ўсіх кідаць у адну кучу. Тыя, з кім мы працуем – дакладна падзяляюць. Каб падзялялі яшчэ лепш, трэба рабіць беларускія медыя максімальна паспяховымі і гатовымі да новых выклікаў, а не чакаць што іх падтрымаюць проста на падставе таго, што яны беларускія.

— Чаму беларускім медыя так цяжка? Мы нешта робім не так?

— Нам у кожным разе лягчэй, чым палітвязням. Ці людзям пад бомбамі ва Украіне. Але беларусы — гэта людзі з сумленнем, асабліва медыйшчыкі, і мы тры гады запар пакутуем разам з калегамі, якія знаходзяцца за кратамі. Чытач гэта бачыць і не заўсёды хоча пакутаваць разам з намі, нас проста перастаюць чытаць.

Трэба мець гіганцкую прагу да жыцця, каб, працягваючы пакутаваць глыбока ўнутры, захацець рабіць кантэнт, цікавы масаваму чытачу, гледачу і слухачу. Трэба кідаць сабе і абставінам выклік. Баюся, што вывальваць на чытачоў і гледачоў, якім можа быць яшчэ цяжэй, свае дэпрэсіі, крыўды і стомленасць – дрэнная стратэгія.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі