Выбары адзінага: праймерыз, з'езд, інтэрнэт, ці банкет
Павал Севярынец выйшаў з “хіміі” і адразу паставіў перад сабой звышмэту — “выбраць” на прэзідэнцкія выбары 2015 года адзінага кандыдата ад дэмсіл.
І нават паспеў ужо правесці шэраг сустрэч з лідарамі апазіцыі. Якія ўражанні ад распачатага “аб’яднаўчага працэсу”, цікавіцца ў Севярынца Еўрарадыё.
Павал Севярынец: “Ёсць пару асабістых супярэчанняў, але яны вырашальныя — непераадольных не бачу. Ні ідэалагічных, ні тактычных, ні геапалітычных — ёсць пару асабістых момантаў, як заўсёды”.
Апроч “пары асабістых момантаў” у дэмакратаў адно грунтоўнае разыходжанне — у падыходзе да самой працэдуры абрання “адзінага”. Падыходаў два — па колькасці лагераў, на якія разбілася апазіцыя.
Кааліцыя “За сумленныя, справядлівыя выбары для лепшага жыцця” за тое, каб “адзінага” вызначыць шляхам праймерыз, даводзіць Еўрарадыё лідар АГП Анатоль Лябедзька. Нават плануюць правесці “пілотнае” выпрабаванне ў адным з рэгіёнаў.
Хто будзе ў спісе кандыдатаў на лідарства?
Анатоль Лябедзька: “Някляеў, Мілінкевіч, Казулін, Колас, Калякін, Севярынец, Статкевіч, Бяляцкі... А калі раптам у нейкім рэгіёне знойдзецца амбітны чалавек — мы адкрываем ліст і для гэтага чалавека”.
Калі “пілотны” праймерыз пройдзе паспяхова, то правесці яго плануюць па ўсёй краіне. У гэты “сур’ёзны” спіс кандыдатаў на адзінага палітыкі з прэзідэнцкімі амбіцыямі мусяць імкнуцца патрапіць самі. Толькі незразумела, якім чынам.
У кааліцыю “праймерыз” апроч АГП уваходзяць партыя левых “Справядлівы свет” і чатыры аргкамітэты — па стварэнні Партыі працоўных, Беларускай жаночай партыі “Надзея”, грамадскага праваабарончага аб’яднання “За справядлівыя выбары” і “Беларускага руху”, а таксама “Маладая Беларусь”.
З другога боку, “аб’яднаўчых барыкад” — трыумвірат “Народнага рэферэндуму” ў складзе кампаніі “Гавары праўду”, Партыі БНФ і Руху “За свабоду”. Яны хочуць абраць “адзінага” на Кангрэсе дэмакратычных сіл.
“Працэдура Кангрэса адпрацаваная: ёсць бюлетэні, іх кідаюць, ёсць падліковая камісія, у якую ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых бакоў, на выхадзе мы маем галасаванне — тут усё відавочна, і пытанняў ніякіх не можа быць. А там (праймерыз. — Еўрарадыё), усё гэта мерапрыемства можа прайсці па прыкладзе банкета”, — даводзіць пазіцыю сваіх паплечнікаў лідар “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў.
Але ў Паўла Севярынца быў час, каб паразважаць і прыдумаць, як аб’яднаць несумяшчальнае.
Павал Севярынец: “Гэта выглядае так: скажам, праймерыз, які можа быць з моднай інтэрнэтавай часткай. Пасля гэтага праймерыз — выбары дэлегатаў усебеларускага з’езду. Магчыма, што паралельна, як у 2006 годзе, будуць галасавацца некалькі кандыдатур у рэйтынгавым спісе. А затым усебеларускі з’езд, нібыта калегія выбаршчыкаў зацвярджае адзінага кандыдата”.
Вось так усё проста. Толькі абодва лагеры скептычна ставяцца і да ролі Паўла Севярынца ў выглядзе мастка паміж двума гэтымі падыходамі да вызначэння адзінага, і да працэдуры.
“Не трэба цяпер казаць пра нейкую місію Паўла Севярынца — я думаю, яму цяпер спрабуюць стварыць нейкі імідж, які не вельмі яму пасуе”, — лічыць Анатоль Лябедзька.
Тым больш, што праймерыз і Кангрэс абсалютна несумяшчальныя рэчы, дадае Уладзімір Някляеў.
Уладзімір Някляеў: “Гэта абсалютна розныя механізмы, розныя падыходы — як тут гэта аб’ядноўваць?! Я прапаную ўсім не дурыць адзін аднаму галаву, склікаць Кангрэс, вызначыцца з адзіным кандыдатам і зняць гэта як галоўную тэму!”
Дарэчы, ёсць яшчэ і чацвёрты варыянт вызначэння адзінага — ад сталага ўдзельніка практычна ўсіх прэзідэнцкіх выбараў Віктара Цярэшчанкі. Ён прапаноўвае правесці усебеларускі сход, у якім возьмуць удзел не толькі палітычныя структуры ды грамадскія аб’яднанні з аргкамітэтамі па стварэнні партый, але і прадстаўнікі працоўных калектываў ды грамадскасці.
Фота: Змітра Лукашука, http://www.msz.gov.pl