Выглядалі няшчаснымі і знясіленымі — настаўнік з Ліды пра мігрантаў на мяжы
Мігранты ў лагістычным цэнтры на беларуска-польскай мяжы / БЕЛТА
Каб палегчыць камунікацыю мігрантаў з чыноўнікамі на мяжы, мясцовыя ўлады прыцягнулі ў якасці перакладчыкаў настаўнікаў англійскай мовы. З адной з лідскіх настаўніц, якая пабывала валанцёрам на мяжы, пагутарыла "Наша Ніва".
"Усё адбывалася ў добраахвотна-прымусовым парадку. Нам абвясцілі, што мы валанцёры, і што адмовіцца не можам", — распавяла дзяўчына. Паводле яе слоў, у лагістычны цэнтр іх адвезлі на мікрааўтобусе Лідскага выканкама. Калі яны апынуліся на месца, іх ужо чакалі чыноўнікі з гуманітарнай дапамогай.
"Як я зразумела, была патрэбна прыгожая карцінка пра тое, як аб мігрантах клапоціцца беларускі бок. Усё гэта здымала дзяржаўнае беларускае тэлебачанне. Але, ведаеце, задаволенымі гэтых людзей назваць нельга — такімі ўжо няшчаснымі і знясіленымі выглядалі многія з іх", — кажа настаўніца.
Па яе словах, ад убачанага ў яе затрэсліся рукі.
"Хацелася дапамагчы хоць чымсьці... асабліва дзецям", прызнаецца дзяўчына. Мігрантаў, па яе словах, ахоўваюць і кантралююць. Вакол лагістычнага цэнтра шчыльным колам стаяць людзі са зброяй.
"Адзін англамоўны хлопец распавёў, што некаторых мігрантаў людзі ў форме (я не ведаю, каго менавіта ён меў на ўвазе) збівалі. Некаторыя казалі, што ў надзеі на лепшае яны прадавалі ўсё, што ў іх ёсць, а гэтыя грошы ў іх тут адабралі", — распавядае настаўніца. Іншыя мігранты казалі, што "польскія памежнікі падкормлівалі іх праз дрот".
Паводле яе слоў, надоўга з мігрантамі іх стараліся не пакідаць.
"Напэўна, баяліся, што даведаемся шмат чаго лішняга", —- мяркуе настаўніца.
У гандлёва-лагістычным цэнтры на беларуска-польскай мяжы знаходзіцца каля дзвюх тысяч мігрантаў, якія спрабавалі праз Польшчу трапіць у Германію. 8 лістапада мігранты арганізавана падышлі да мяжы, 16 — паспрабавалі прарвацца на тэрыторыю Польшчы, кідалі камяні і палкі ў польскіх сілавікоў. Іх спынілі вадамётамі.
У ЕС лічаць, што гэты крызіс стварыў Аляксандр Лукашэнка. Там падкрэсліваюць, што не прымуць гэтых мігрантаў і прапануюць дапамогу ў вяртанні іх на радзіму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.