Праз якую судзімасць тры апазіцыянеры не трапілі ў склад акруговай камісіі?
Насамрэч прадстаўнікам апазіцыі адмовілі ва ўключэнні ў склад Гродзенскай абласной выбарчай камісіі за штрафы і судзімасць 35-гадовай даўніны.
Ужо на этапе фарміравання тэрытарыяльных выбарчых камісій апазіцыя паспрабавала “дыскрэдытаваць выбарчы працэс” – прапанавала ў склад камісій людзей "з судзімасцю". У Гродна такіх “крымінальнікаў” паспяхова вылічылі і ў склад абласной камісіі не ўключылі. Так сакратар ЦВК Мікалай Лазавік, выступаючы па тэлебачанні, тлумачыць прычыны адмовы “апазіцыянерам” ва ўключэнні ў склад Гродзенскай абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі.
Мікалай Лазавік
Еўрарадыё рашае выясніць: судзімасць за якія злачынствы маюць тыя тры апазіцыянеры Гарадзеншчыны, пра якіх кажа Мікалай Лазавік? Як высвятляецца, трапіць у склад абласной камісіі спрабавалі прадстаўнік партыі левых “Справядлівы свет” Павел Станеўскі, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Васілевіч і спадар Катлярчук з Ліберальна-дэмакратычнай партыі. Што ж за “чорныя плямы” ў іх біяграфіі?
Павел Станеўскі ўсміхаецца: маўляў, у яго, як і ў кожнага другога апазіцыянера ў Беларусі, былі штрафы і прыводы.
“Два гады таму я сядзеў 8 сутак на Валадарцы. У нас быў сход у Мінску, у Шчукіна на кватэры, – міліцыянеры нас там акружылі і ва ўсіх знялі паказанні, а я паказанні даваць адмовіўся, бо маю такое права. Але гэта міліцыянераў абурыла, і мяне абвінавацілі ў тым, што я напаў на міліцыянера і аблаяў яго матам. І хоць я гэтага не рабіў, але 8 сутак атрымаў”.
Канешне, адправіў Паўла Станеўскага “на суткі” суд, і, адпаведна, – яго судзілі. З тым, што з юрыдычнага пункту гледжання ў яго і сёння ёсць “судзімасць”, суразмоўца Еўрарадыё катэгарычна не згодны: “Усе судзімасці, якія ў мяне былі, вычарпалі свой тэрмін даўніны, і юрыдычна я звычайны грамадзянін”.
Больш за тое, сёння Павел Станеўскі – старшыня “Цэнтра эканамічных стратэгій”. І займаецца прыцягненнем замежных інвестыцый у Беларусь. Але ж гэта не тое самае, што быць сябрам выбарчай камісіі, праўда? “Па вялікім рахунку, я мог бы падаць у суд на Лазавіка за паклёп!” – падводзіць вынік сваёй спробе паспрыяць “выбарчаму працэсу” Павел.
Калі прадстаўнік “Справядлівага свету” вырашае ў судзе справядлівасці не шукаць, то сябра АГП Аляксандра Васілевіч не такая талерантная. “Я ўжо напісала скаргу на Лазавіка і накіравала яе у ЦВК, хоць гэта і выглядае даволі смешным – скардзіцца Ярмошынай на яе падначаленага!” – адразу прызнаецца Аляксандра.
“У мяне былі два суды: па Свіслачы і па мясцовых выбарах – нас тады затрымлівалі за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Але гэта не з’яўляецца падставай для таго, каб казаць, што ёсць судзімасць. Бо судзімасць здымаецца з цягам часу і яна нават не фігуруе ў асабістай справе. І тое, што нашы камісіі чапляюцца да таго, што ў чалавека некалі нешта было, – няправільна”, – разважае Аляксандра.
І дадае: “Калі прытрымлівацца логікі Лазавіка, то падставай для неўключэння ў склад камісіі можа стаць пратакол за безбілетны праезд у грамадскім транспарце ці за пераход вуліцы ў неналежным месцы – гэта ж таксама адміністрацыйныя правапарушэнні!”
І толькі за прадстаўніком ад ЛДПБ лічыцца сапраўднае крымінальнае злачынства, прызнаецца кіраўнік гродзенскай суполкі гэтай партыі Аляксей Талстой. Па яго словах, спадар Катлярчук натварыў… 35 гадоў таму. Па маладосці некаму сківіцу зламаў.
Аляксей Талстой: “Якое там крымінальнае! 1979, здаецца, год – падраўся і трошку там атрымаў пару гадкоў… За тое, што сківіцу зламаў чалавеку. І ўсё! Дык гэта ўсё знятае, пагашана даўно!”
Праўда, у выпадку з Катлярчуком сітуацыя цікавая ў тым, што фармальна яго не ўключылі ў склад камісіі не за “судзімасць”, а за тое, што ён не прыйшоў на адмысловае пасяджэнне ў выканкам, калі “абіралі” старшыню абласной выбарчай камісіі. Па правілах, калі не прыйшоў на гэтае першае пасяджэнне, то аўтаматычна вылятаеш са складу прэтэндэнтаў на “пасаду” сябра камісіі.
Па словах эксперта ў выбарчым заканадаўстве Сяргея Альфера, ні ў адным дакуменце не прапісаныя крытэры, якім сябра камісіі мусіць адпавядаць.
“І толькі потым, калі не ўключылі ў склад камісій кагосьці з тых, хто быў вылучаны, знаходзяць хоць якія падставы для таго, каб гаварыць, што вось, знайшлі лепшых. А ці лепшыя іншыя? І з чыйго пункту гледжання яны лепшыя?”
Сяргей Альфер
“Людзі павінны давяраць сябрам выбарчых камісій, а як можна давяраць тым, хто мае судзімасць?” – аргументуе Мікалай Лазавік. Але Сяргей Альфер упэўнены: у першую чаргу гаворка ідзе пра давер да сяброў камісіі з боку мясцовых уладаў, а не шараговых выбаршчыкаў. І дае параду, як зняць абвінавачванні з боку апанентаў улады: прапісаць у выбарчым заканадаўстве ўключэнне ў склад камісій прадстаўнікоў усіх удзельнікаў выбарчага працэсу.
І яшчэ: пра судзімасць можна казаць толькі ў дачыненні да тых, хто здзейсніў крымінальнае злачынства. У тых, хто “лаяўся матам у грамадскім месцы”, “удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве” і “не падпарадкоўваўся законным патрабаванням супрацоўніка міліцыі”, судзімасці няма. Нават калі ім прысудзілі штраф ці суткі.
Фота: Змітра Лукашука і landres.gov.ua, Відэа: АНТ