Як кіроўцы спрабуюць абысці транспартную пошліну?
За папулярны “Фальксваген Пасат”, якому няма 10 гадоў, давядзецца плаціць 2,1 мільёна. Такое ж аўто будзе каштаваць таксісту каля 5 мільёнаў.
Новую непапулярную пошліну на допуск аўто да дарожнага руху ўводзяць з хуткасцю маланкі. Не паспелі беларусы паверыць у сапраўднасць гэтай ідэі, як закон зацвердзілі дэпутаты і сенатары.
Справа ідзе да таго, што сплачваць пошліну за валоданне аўтамабілем мы будзем ужо з новага года. Сціплая машынка гольф-класа абыдзецца як найменей у пяць базавых велічынь. Браць грошы будуць падчас тэхаглядаў.
Спрытныя аўтааматары ўжо спрабуюць абыйсці гэту экзатычную выплату. Дакладней, адцягнуць яе на год.
“Канешне, тэхагляд трэба праходзіць зараз, да Новага года!” ― эмацыйна раіць адзін з работнікаў станцыі дыягностыкі, якая месціцца непадалёк ад Нацыянальнай бібліятэкі.
“Што ты людзей падманваеш! Ты ведаеш?” ― абураецца яго калега.
“Пакуль гэта не набыла моц, ― абараняецца дарадца. ― Значыцца ў снежні ніхто нічога не плаціць. І калі прайсці тэхагляд зараз, то ніхто не будзе патрабаваць грошы, бо гэта па старых правілах. Ва ўсялякім разе так сказаў Мікалаіч”.
А пакуль на дыягнастычнай станцыі чарга: запісваюць на 14 дзён наперад.
Яшчэ адна станцыя (знаходзіцца на вуліцы Прамысловай у Мінску) выглядае як шынамантаж падчас першых галалёдаў ― чарга. Цікава, што стаяць пераважна старыя машыны.
“Ужо тры гады без тэхагляду езджу, але трэба прайсці. Тым больш што 650 тысяч хаця б адзін раз не хочацца плаціць, ― апавядае кіроўца “Аўдзі 100” канца 1980-х. ― Я толькі ў гэтым годзе наездзіў 3000. Выехаў два разы ды і ўсё”.
Запісу на тэхагляд дзень у дзень на гэтай дыягнастычнай станцыі таксама няма.
“Паглядзіце, які аншлаг. Хоць у пачатку снежня ўвогуле нікога не было”, ― кажа падчас перакуру работнік станцыі.
Канкрэтнай інфармацыі, ці ўвядуць дзяржпошліну з першага студзеня і ці сапраўды варта праходзіць тэхагляд да Новага года, не ведаюць і тут.
Паводле якіх тарыфаў давядзецца сплачваць пошліну ў наступным годзе?
Дзяржпошліна на допуск да дарожнага руху прапісана ў праекце закона “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у некаторыя законы РБ па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці і падаткаабкладанні”.
Беларусаў ужо афіцыйна папярэдзілі, што 1 базавая велічыня ў 2014 годзе складзе 150 тысяч рублёў.
Атрымліваецца, найтаннейшае, што мы будзем плаціць за валоданне машынай, ― гэта тры базавыя велічыні (калі максімальная маса аўто складае да 1,5 тоны). Бляшаначка “ДЭУ Маціз” пад гэты крытэр падпадае. А вось малалітражкі “Міцубішы Кольт” і “Рэно Кліо” свежых гадоў важаць больш за 1,5 тоны. Таму нават за такія казуркі давядзецца плаціць 5 базавых велічынь (750 тысяч).
А вось папулярная мадэль “Фальксваген Пасат” мае дазволеную масу большую за дзве тоны. Таму дзяржаўная пошліна складзе 7 базавых велічынь (1 мільён 50 тысяч рублёў).
Як вядома, старыя аўтамабілі праходзяць тэхагляд раз на год. Маладзейшыя за 10 гадоў ― у два разы радзей. Таму ў праекце закона, дзе прапісана транспартная пошліна, паведамляецца, што аплата са “свежых” аўто будзе брацца па двайным каэфіцыенце. То бок за “Фальксаген Пасат” 2007 года давядзецца ўраз аддаць 14 базавых велічынь (2 мільёны 100 тысяч рублёў ).
За страхоўку і транспартную пошліну таксіст аддасць каля 5 мільёнаў
У праекце закона не знаходзім інфармацыі наконт машын з шашачкамі. А таксісты, дарэчы, праходзяць тэхагляд двойчы на год.
“Плануецца, што яны будуць два разы на год плаціць пошліну, паколькі нагрузка ад іх транспарту больш інтэнсіўная”, ― тлумачыць Еўрарадыё Дзмітрый Харытончык, старшыня пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі.
За ўласныя машыны многія таксісты плацяць як юрыдычныя асобы.
“Аўтамабіль як бы мой, але з жоўтымі нумарамі, як бы ад службы таксі, ад арганізацыі. То бок плаціць буду я, але не як фізічная асоба”, ― тлумачыць становішча тысяч сваіх калег сталічны таксіст Сяргей Бур.
За ўзгаданы ўжо ў матэрыяле “Фальксваген Пасат” давядзецца двойчы на год плаціць па 9 базавых велічынь дзяржаўнай пошліны (гэта складзе 2,7 мільёна у 2014 годзе).
“Плюс 160 еўра спецыяльнай страхоўкі, ― рэзюмуе таксіст. ― Магчыма, працу давядзецца змяніць”.
І такія развагі не здзіўляюць. Разам за транспартную пошліну і страхоўку таксісту Сяргею давядзецца заплаціць каля 5 мільёнаў.
За аўтамабілі, якія змясціліся на кавалачку гэтага сталічнага дворыка, дзяржава атрымае за год як меней 103 базавыя велічыні. У 2014 годзе гэта складзе 15 мільёнаў 450 тысяч. Фота bel-jurist.com.