Як мы ўступалі ў палітычныя партыі (эксперымент)
Карэспандэнт Еўрарадыё паспрабаваў “уляпацца ў палітыку”, прыкінуўшыся фермерам. Што з гэтага выйшла — чытайце ў матэрыяле.
У Беларусі афіцыйна зарэгістравана 15 палітычных партый, колькасць грамадскіх арганізацый увогуле складана ацаніць. У сярэдзіне жніўня задумваем у рэдакцыі невялікую правакацыю-эксперымент — дасылаем на адрас найбольш актыўных палітычных партый і рухаў заяўку аб уступленні ад імя фермера з Гродзеншчыны. Просім прыняць у шэрагі, ад сябе абяцаем больш-менш актыўны удзел і нават невялікую матэрыяльную дапамогу. У тым ліку, прадукцыяй.
“Мяне клічуць Алег Янцурэвіч, жыву ў Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці, у вёсцы Раманы. Маю невялікую фермерскую гаспадарку. Даўно думаю над тым, каб далучыцца да вашай партыі. Ведаю пра яе з незалежных газет, інтэрнэта. Сачу за асноўнымі падзеямі і заявамі, лічу вашы погляды блізкімі мне. Падкажыце, калі ласка, як можна уступіць у партыю, што для гэтага неабходна”.
І далей у тым жа духу. Калі наша правакацыя і выкрытая, то адкрыта аб гэтым з партый не пішуць. Запрашаюць далучацца і даюць усе неабходныя кантакты. Першы адказ атрымліваем ад аргкамітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Ён прыходзіць праз тры гадзіны пасля адпраўкі ліста з заяўкай на далучэнне да арганізацыі.
“Дзякуй за цікавасць да дзейнасці БХД і будзем рады, калі Вы далучыцеся да нас. Гэта можна зрабіць на нашым сайце. Там таксама пазначаны тэлефоны рэгіянальных каардынатараў, з якімі Вы можаце звязацца для далейшых кантактаў і супрацоўніцтва.
Калі дашляце нумар вашага тэлефона, то я мог бы перадаць яго абласному каардынатару па Гарадзенскай вобласці, які б сам змог з Вамі звязацца і пры жаданні дамовіцца на сустрэчу”.
Наступны адказ атрымліваем амаль адначасова з першым. “Белая Русь” адстала ад БХД усяго на пяць хвілін.
“Добры дзень! Накіроўваю Вам кантакты старшыні Воранаўскай раённай арганізацыі РГА "Белая Русь" Конана Святаслава Уладзіміравіча. З ім вы можаце дамовіцца пра асабістую сустрэчу ці высветліць, хто адказвае за дзейнасць аб'яднання ў Вашым населеным пункце”.
Яшчэ праз дзень жаданне прыняць да сябе новага члена выказваюць Партыя БНФ і “Гавары праўду”. Ад іх атрымліваем усю неабходную інфармацыю і кантакты. А потым — цішыня. На тыдзень. Калі надзея ўступіць яшчэ ў нейкую партыю альбо рух амаль знікае, адпісваецца Ліберальна-дэмакратычная партыя. Дэмакраты паведамілі, што з радасцю прыедуць у госці да новапрынятага партыйца.
“Нам вельмі было прыемна атрымаць такі ліст, Ліберальна-дэмакратычнай партыі патрэбныя такія ініцыятыўныя і працавітыя людзі. У перыяд праверак нашых рэгіянальных структур, якія будуць у бліжэйшы час, мы абяцаем наведаць Вас…”
У галоўным офісе ЛДПБ Еўрарадыё расказваюць, што ў апошнія тры месяцы перажываюць сапраўдны бум уступлення новых сяброў. Нават членскія білеты не паспяваюць усім выдаваць.
“Па-першае, у нас кожная структура свой улік вядзе. А па-другое, за апошнія месяцы тры пачалося масавае ўступленне ў партыю. У офіс прыходзяць, запаўняюць анкеты. На электронную пошту прыходзяць заяўкі. Не паспяваем білеты членскія выпісваць!” — расказвае сакратар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Наталля.
Праз два дні пасля ліста з ЛДПБ (праз 11 дзён ад пачатку эксперымента) прыходзіць адказ ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Выконваючая абавязкі старшыні гродзенскай абласной арганізацыі Аляксандра Васілевіч піша надзвычай ветліва і дасылае фармуляр заяўкі на ўступленне ў партыю ў фармаце pdf. Адно што, у адказе блытае Воранава з Варнянамі. Але гэта ўжо нюансы.
У выніку за два тыдні чакання адказу мы не атрымліваем толькі ад Руху “За Свабоду”. Намеснік старшыні арганізацыі Юрась Губарэвіч тлумачыць, што да прыняцця новых членаў у “Руху” ставяцца адказна. Рашэнне аб гэтым прымаецца на пасяджэнні Рады арганізацыі. Кандыдаты павінны ведаць Статут і мэты.
“Па-першае, неабходна ведаць наш Статут. У нас там прапісана, якія у сяброў арганізацыі абавязкі. Мы хочам ведаць, ці сапраўды кандыдаты уяўляюць, чым займаецца “Рух “За Свабоду”, якія ў нас мэты. Кандыдаты мусяць падзяляць іх”.
Губарэвіч таксама расказвае, што звычайна у шэрагі “Руху” прымаюць групамі па 10-15 чалавек. Каб некаму адмаўлялі — не прыгадае. Непераадольнай перашкодай станавіўся хіба што малады ўзрост і адсутнасць беларускага грамадзянства. Прытрымлівацца гэтых крытэрыяў у “Руху “За свабоду” абавязаныя паводле закона “Аб грамадскіх арганізацыях”.
Фота: "Радыё "Свабода"