Як сабраць бярозавы сок, не пашкодзіўшы дрэва, і не трапіць на штраф
За некантралюемы збор сока можна атрымаць спагнанне
За акном ранняя вясна, а значыць, гаспадарлівыя беларусы ўжо поўным ходам збіраюць дрэвавы сок, перадусім бярозавы. Аднак проста прыйсці ў лес, выбраць дрэва і пачаць яго "даіць" не атрымаецца — так можна не толькі пашкодзіць расліну, але і трапіць на салідны штраф.
Каб такога не адбылося, Еўрарадыё дае парады, як варта збіраць дрэвавы сок.
Паводле інфармацыі экапраекта "Зялёны тэлефон", для асабістых патрэбаў сок можна збіраць без спецыяльных дакументаў. А вось для камерцыйнай дзейнасці спатрэбіцца атрымаць у лясгасе спецыяльны дакумент для працы — "лясны білет".
Сок у лесе можна збіраць толькі на пэўных участках, названых мясцовым лясніцтвам. Забаронена збіраць яго ў месцах, дзе растуць расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу, у зонах месцаў для адпачынку і курортаў, на берагах рэк і азёр, уздоўж чыгунак і аўтамабільных дарог.
Збіраючы сок, важна сачыць за станам дрэваў.
Калі бачыце пашкоджанне на ствале, лепш прайсці міма — збіраць сок можна толькі з цэлых і буйных дрэў, чый ствол у дыяметры складае не менш за 20 сантыметраў. Збор лепш рабіць на вышыні 1,3 метра ад зямлі.
Каб мінімальна нашкодзіць дрэву ў працэсе нарыхтоўкі, адтуліны ў ствале лепш прасвідраваць свердлам. Яны павінны быць не большымі за адзін сантыметр у дыяметры, глыбінёй 2-3 сантыметры без уліку таўшчыні кары. Канал адводу соку лепш рабіць з невялікім ухілам уніз, каб вадкасці было лягчэй сцякаць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.