Яўген Магда: далёка не ўсе ўкраінцы адчуваюць падтрымку беларусаў
Яўген Магда / Еўрарадыё
"Няма нічога дзіўнага ў тым, што пасля пачатку вайны стаўленне ўкраінцаў да беларусаў пагоршылася фактычна ў чатыры разы", — лічыць дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда.
Па звестках сацыялагічнай групы "Рэйтынг", сёння 84% украінцаў успрымаюць Беларусь як варожую дзяржаву. Для параўнання: у красавіку 2021 года толькі 22% грамадзян Украіны называлі нашу краіну варожай.
Суразмоўнік Еўрарадыё нагадвае, што ўжо тры з паловай тыдні з боку Беларусі ляцяць ракеты і самалёты, якія бамбяць Украіну. Акрамя таго, расійскія войскі, якія зайшлі з тэрыторыі Беларусі, цяпер ушчыльную наблізіліся да Кіева. Таму віна Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны для сярэднестатыстычнага ўкраінца абсалютна відавочная, мяркуе эксперт.
"Трэба разумець, што многія грамадзяне Украіны не ўсведамляюць, што далёка не ўсе беларусы падзяляюць пазіцыю Лукашэнкі і далёка не ўсе ведаюць, што многія беларусы эмігравалі або сядзяць у турмах пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Таму, на жаль, нічога дзіўнага ў гэтай статыстыцы няма".
Чым мацней будуць сварыцца ўкраінцы і беларусы, тым радаснейшы будзе Пуцін
Звесткі апытання, якія прыводзіць "Рэйтынг", зручныя Крамлю. На думку палітолага, процідзейнічаць гэтаму будзе няпроста, як і іміджу Беларусі — "суперпрэзідэнцкай рэспублікі з пэўнай пазіцыяй Лукашэнкі", — які склаўся за гады.
Яўген Магда нагадвае, што калі беларускія войскі ўвойдуць ва Украіну, то аўтаматычна стануць саўдзельнікамі ваенных злачынстваў расіян. У такім выпадку адносіны паміж нашымі народамі сапсуюцца на дзесяцігоддзі наперад. На думку суразмоўніка, калі такога не здарыцца, сітуацыя можа палепшыцца пасля змены ўлады ў Беларусі.
Ці заўважаюць украінцы падтрымку беларусаў?
Пра тое, як беларусы падтрымлівалі Украіну яшчэ ў 2014 годзе, і пра існаванне Беларускага добраахвотніцкага батальёна імя Кастуся Каліноўскага ведае далёка не кожны ўкраінец. На думку Яўгена Магды, лідарам дэмакратычных сіл Беларусі варта сканцэнтраваць свае намаганні на тым, каб даносіць гэтую інфармацыю да сярэднестатыстычных грамадзян Украіны.
"Вайна катэгарычна падзяляе ўсё на чорнае і белае, гэта трэба разумець", — дадае эксперт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.