З "Віцебскдрэва", куды не паехаў прэзідэнт, каб не атруціцца, не звольнішся

“Чаму мы не ў Віцебску?” — запытваецца кіраўнік дзяржавы на паседжанні па пытаннях мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі. Бо ўзровень фармальдэгіда на віцебскім прадпрыемстве перавышае норму ў некалькі разоў.

У Віцебскай раённай санстанцыі не разумеюць, чаму кіраўнік дзяржавы абураны “гэтым фармальдэгідам”:

“А чаго там абурацца? Людзі іншым разам працуюць, і фармальдэгід перавышае. У два разы перавышэнне — гэта не такое ўжо і перавышэнне, асабліва калі ідуць пуска-наладкавыя работы. Фармальдэгід ёсць у прыродзе! У мэблі новай таксама, пачытайце ў інтэрнэце пра фармальдэгід!”— накіроўваюць Еўрарадыё ў раённай санстанцыі.

Калі ў фармальдэгідзе няма нічога страшнага (хоць любая крыніца ў інтэрнэце кажа, што рэчыва цягам часу выклікае рак лёгкіх), чаму тады кіраўнік дзяржавы сапраўды не ў Віцебску?

У Віцебскай абласной санстанцыі нам пацвярджаюць: перавышэнне нарматыву ўзроўня фармальдэгіду ў гэтым цэху сапраўды мела месца. 

“Калі ёсць нормы, дык трэба дабівацца, імкнуцца да таго, каб нормы выконваліся!” — заўважаегалоўны доктар санстанцыі Уладзімір Сінкевіч.

Як даведалася Еўрарадыё, звароты работнікаў завода па меддапамогу з-за фармальдэгіду былі! Трое супрацоўнікаў дрэваапрацоўчага прадпрыемства пасля працы звярнуліся да медыка з чырвонымі вачыма.

“Быццам бы нічога сур’ёзнага, алергічная рэакцыя на новыя ўмовы. Канечне, да акуліста яны не звярталіся”, — кажуць у медпункце.

Начальнік прафсаюза "Віцебскдрэва" Сяргей Браўноўтлумачыць, чаму пасля мадэрнізацыі ёсць перавышэнне ўзроўня шкоднага рэчыва ў паветры:

“Там з-за няправільнага праекта вентыляцыі гэты фармальдэгід не выцягваецца. Таму да нас прэзідэнт і не паехаў! Я сам быў у гэтым цэху, бачыў, усё ў смузе быццам бы, але ніхто не скардзіўся”.

Еўрарадыё: Дык чаму няправільна спраектавалі вентыляцыю?

“Ну, у нас жа ўсё так, пакуль не паспрабуем…Быццам бы ўсё пралічана, але нешта не пайшло”, — разводзіць рукамі начальнік прафсаюза.

Пры гэтым на прадпрыемстве гавораць, што звольніцца адсюль, калі не закончылася дзеянне кантракта, нельга!

“Кантракт сканчаецца і па згодзе абодвух бакоў чалавек звальняецца, калі не — дык тады згодна з Дэкрэтам № 9 выплачвае грошы. Такія выпадкі былі, але не надта многа”, — кажа лідар прафсаюза Сяргей Браўноў. І дадае, што ў новым цэху працуюць у асноўным маладыя хлопцы, бо абяцалі добры заробак — 4-5 мільёнаў рублёў.

“У нас сярэдні заробак па прадпрыемстве — чатыры мільёны, але ў каго і два бывае. Вунь ахоўнікі атрымліваюць 2,7 мільёна. Мы спрабавалі дабіцца, каб заробкі падвысіліся, але начальнік быццам крэмень”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі