Жыццё ў Мінску для замежнікаў-рэлакантаў падаражэла
Мінск / pixabay
За год жыццё ў Мінску для замежніка падаражэла, вынікае з рэйтынгу, які рэгулярна складае амерыканская кансалтынгавая кампанія Mercer. Гаворка ідзе не пра замежных турыстаў, а пра працоўнага чалавека, які пераязджае жыць у новую краіну.
Урады і буйныя кампаніі выкарыстоўваюць дадзеныя гэтага рэйтынгу для абароны пакупніцкай здольнасці сваіх супрацоўнікаў, калі яны пераводзяць іх працаваць за мяжу.
На першых пазіцыях рэйтынгу месцяцца найдаражэйшыя для жыцця замежніка-рэлаканта гарады. Узначальваюць рэйтынг Ганконг, Сінгапур і Цюрых.
Сёлета Мінск у гэтым рэйтынгу падняўся — і, такім чынам, падаражэў — на 22 пункты. У спісе з 227 гарадоў наша сталіца заняла 182 месца.
Грузінская сталіца — Тбілісі — у рэйтынгу на адзін радок вышэй. А вось падаражэла жыццё ў Тбілісі за гэты год яшчэ мацней, чым у Мінску. Не ў апошнюю чаргу з-за наплыву мігрантаў і бежанцаў з Расіі і Беларусі.
Жыццё замежніка ў Варшаве, Вільнюсе, Рызе, Таліне яшчэ даражэйшае, вынікае з рэйтынгу. Прытым жыццё ва ўсіх гэтых гарадах падаражэла за папярэдні год. Менш за ўсё, паводле рэйтынгу, падаражэнне заўважна ў Варшаве.
Самымі таннымі ў рэйтынгу сталі два пакістанскія гарады — Карачы і Ісламабад.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.