Зміцер Вайцюшкевіч "Варанок"

Зміцер Вайцюшкевіч ажыццяўляе сваю мару і выдае першы альбом беларускамоўнага шансона — якаснага, турэмна-рэстараннага, на які музыку натхняе паэт Генадзь Бураўкін.

Каб быць бліжэй да "таксістаў, дальнабояў ды хатніх гаспадынь" (а менавіта на такую аўдыторыю разлічвае Зміцер), Вайцюшкевіч не толькі стварае запамінальныя мелодыі ў духу Алены Ваенгі, але і ўваходзіць у вобраз зоркі шансона, апрануўшыся ў белы касцюм, чорныя акуляры ды агаліўшы валасатыя грудзі. Такому спеваку, натуральна, больш павераць!

"Варанок" — гэта гісторыя-споведзь чалавека, які за свае 40 гадоў накуралесіў "па поўнай", а цяпер не ведае, як жыць далей. Відавочна, што герой Вайцюшкевіча хоча выправіцца, яго думкі з турэмнага двара імкнуцца на волю, але менавіта туды, дзе вясна, матуля ды дзяўчаты бягуць басанож. Тут ёсць іронія, нейкае схаванае замілаванне героем, шчымлівая туга і любоў. Але няма той самай “праўды жыцця”, аголенага нерву і веры ў тое, што пад гэтую музыку нехта будзе рыдаць ці замаўляць яе ў рэстарацыі па 10 разоў за вечар.  

Вайцюшкевіч чарговы раз пацвярджае, што ён — хамелеон. Музыка з лёгкасцю пераўвасабляецца з халоднага шведскага эльфа ў вар'ята Ваячка і мясцовага мільянера Міхайлава. Ну, ролю Міхайлава ён толькі прымярае на сябе. Але робіць гэта прафесійна і самааддана, хоць грашкі павярхоўнасці за Змітром часам водзяцца.

"Варанок" — яскравая праца, цікавая, хоць і некалькі супярэчлівая. Аднак справа цяпер за маршрутчыкамі ды таксістамі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі