З'явілася інфармацыя пра новую маштабную ўцечку дадзеных карыстальнікаў Facebook
З'явілася інфармацыя пра новую маштабную ўцечку дадзеных карыстальнікаў Facebook. На працягу чатырох гадоў у адкрытым доступе знаходзіліся звесткі трох мільёнаў чалавек. Гэта высветліла выданне New Scientist у выніку ўласнага расследавання. Гаворка ідзе пра дадзеныя, сабраныя прыкладаннем myPersonality, створаным у Кембрыджскім універсітэце. Карыстальнікам прапаноўвалася прайсці псіхалагічнае тэставанне і падзяліцца асабістымі дадзенымі з профіляў Facebook, інфармуе meduza.io.
Вядома, што myPersonality скарысталіся каля 6 мільёнаў чалавек, і прыблізна палова пагадзілася падзяліцца асабістымі дадзенымі. Такім чынам была сабраная база і яе выклалі на сайце фактычна ў адкрытым доступе. Каб атрымаць да яе доступ, было дастаткова зарэгістравацца ў якасці суаўтара праекту. Паролі можна было знайсці ў інтэрнэце і без рэгістрацыі. Інфармацыя ў базе была ананімнай, аднак карыстальніка можна было лёгка ідэнтыфікаваць, калі супастаўляліся некалькі параметраў. Доступ да згаданай базы мелі і камерцыйныя кампаніі, якія абяцалі не выкарыстоўваць інфармацыю для ўласнай выгады.
Facebook забараніў выкарыстанне myPersonality 7 красавіка. Прычынай назвалі магчымае парушэнне правіл сацсеткі.