76-гадовы мінчанін дамогся пашпарта без імені па бацьку
76-гадовы Антось Вусовіч з Мінска дамогся, каб яму выдалі пашпарт, дзе яго імя напісанае на беларускай лацінцы і не згадваецца імя па бацьку. На змаганне з пашпартна-візавымі службамі ён патраціў чатыры гады.
У новым дакуменце, які яму выдалі, імя пенсіянера па-руску напісанае як “Антось”, а прозвішча — “Вусович”. Што да транслітарацыі на лацінцы, то яго прозвішча запісанае не паводле англійскай нормы, а паводле беларускай, то бок, Vusovič.
Супрацоўнікі пашпартнага стала спрабавалі давесці Антосю Вусовічу, што ён павінен змяніць імя і прозвішча і накіроўвалі яго ў ЗАГС, аднак мужчына стаяў на сваім — маўляў, я не змяняю, а выпраўляю памылкі. Ён нават атрымаў даведку ў Інстытуце мовазнаўства, што мае права запісаць у пашпарце імя Антось не ў рускай версіі Антон.
У пашпарце мінчука ёсць адна нетыповая адзнака: у дакуменце афіцыйна засведчылі яго нацыянальнасць — беларус, паведамляе Радыё Свабода.