Аб'яву аб продажы “легальных” спайсаў размясцілі прама на дзвярах у пад'езд

Аб'яву аб продажы “легальных” спайсаў размясцілі прама на дзвярах у пад'езд

“Соль, спайс, рэагент. Легальна! Даступна!” — такая аб’ява з’явілася на дзвярах у пад’езд сталічнага шматпавярховіка па вуліцы Чкалава. Пад прапановай пазначаныя кантакты.

“Як псіхолаг я ведаю, што калі падлетак раней чуў пра спайс і пабачыць такую аб’яву, у яго галаве можа нешта шчоўкнуць. Ён можа завагацца. Гэта вельмі непрыгожы псіхалагічны ход. Не магу зразумець, жарт гэта ці наркадзяльцы выйшлі на “новы ўзровень”, — абгрунтоўвае сваё абурэнне Ірына, жыхарка дома.

Крамольны надпіс з’явіўся у пачатку тыдня. Ірына з гэтай нагоды звярнулася ў міліцыю.

“Прыехаў патруль з Кастрычніцкага РУУС. Склалі пратакол майго апытання. Таксама мне прапанавалі патэлефанаваць у ЖЭС, але падзяліліся думкай, што замазванне такога надпісу не многае зменіць”, — кажа Ірына.

Міліцыянераў можна зразумець: гэта можа быць і жарт, і сапраўдная аб’ява. Але адсачыць, хто размясціў такую рэкламу спайсаў, няпроста. Для сувязі аўтар пакінуў не нумар тэлефону, а нік з мэсанджара VIPole. Перапіска там зашыфраваная, таму выйсці на патэнцыйнага наркагандляра вельмі цяжка. Дарэчы, па адрасе, які пазначаны ў наркааб’яве, ніхто не адказвае.

Пасля з’яўлення Дэкрэта №6, які нанёс удар па спайсах, легальных наркотыкаў у Беларусі не стала. Любое новае рэчыва могуць унесці ў наркапералік за лічаныя дні, а не за доўгія месяцы, як было раней.

Таму наркагандляры сур’ёзна рызыкуюць. Часта яны “супрацоўнічаюць” з ужо праверанымі кліентамі, яшчэ часцей прадаюць наркотыкі пры дапамозе тэхналогіі закладак. Размяшчаюць аб’явы на наркафорумах. Сувязь з пакупнікамі адбываецца праз бяспечныя мэсанджары кшталту VIPole. Наркотыкі аплачваюцца ў тэрміналах супермаркетаў, пасля чаго наркагандляр высылае адрас закладкі, і пакупнік забірае “тавар”.

Год таму на самым папулярным наркафоруме СНД толькі па Мінску цягам сутак размяшчалі каля двух дзясяткаў аб’яваў. Нягледзячы на гучныя судовыя працэсы, прапанова на рынку не змяншаецца. За 13 красавіка толькі па Мінску да 16.00 размясцілі аж 24 аб’явы. 

У ЖЭУ №2 Кастрычніцкага раёна Мінска таксама здзівіліся рукапіснай рэкламе спайсаў і адправілі спецыялістаў яго замалёўваць. Начальнік участка №2 Мікалай Ляўко даведаўся пра надпіс ад Еўрарадыё, і не прыгадаў за сваю кар’еру іншых аб’яваў такога кшталту. Найчасцей замалёўваць даводзіцца так званыя тэгі (роспісы графітыстаў) і нецэнзурную лексіку.

“Яшчэ, калі праводзяцца парламенцкія выбары, пішуць, каб грамадзяне не галасавалі за пэўных дэпутатаў. Перад прэзідэнцкімі могуць напісаць нешта дрэннае пра дзейную ўладу. Наша першасная задача такія надпісы зафарбоўваць”, — паведамляе Ляўко. Як хутка замалююць рэкламу наркотыкаў, Еўрарадыё абавязкова адсочыць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі