Ад Хаўера да Даніэлы: Што хацелі зрабіць, каб лепш чысціць снег, і што зрабілі
У 2013-м годзе на Беларусь абрушыўся шторм “Хаўер”. Сталічныя камунальнікі тады не паспявалі прыбіраць снег, тысячы людзей мерзлі ў корках і на прыпынках. Некаторыя арганізацыі горада пасля “Хаўера” абяцалі закупіць неабходнае абсталяванне, каб эфектыўней спраўляцца з цыклонамі.
Так, мінскі метрапалітэн набыў за мільярд рублёў універсальны снегаачышчальнік, які працуе і на рэйках, і на асфальце. Падчас снегападу 12-га студзеня машына працавала ў “Магілёўскім” дэпо на расчыстцы веерных пуцей.
А вось планы “Горрэмаўтадара” наконт закупкі чатырох снегаплавільных машын беларускай вытворчасці не спраўдзіліся. Іх мусілі замовіць на заводзе “Белкамунмаш” па 700 тысяч долараў за штуку. Аднак на прадпрыемстве паведамілі, што дамова так і не была заключаная. Чаму — не патлумачылі:
“Мы сапраўды планавалі гэтым займацца і планавалі кантракт. Але супрацоўніцтва не здзейснілася, мы нічога не адгружалі і не пастаўлялі”, — распавялі Еўрарадыё на “Белкамунмашы”.
У “Горрэмаўтадары” паведамілі, што прычына ў адсутнасці фінансавання:
“Такі варыянт прапрацоўваўся сапраўды. І былі нават падрыхтаваныя адпаведныя матэрыялы, прапрацаванае пытанне “Белкамунмаш” з канадскай фірмай Trecan. Аднак пытанне ў фінансаванні. Грошы не выдзелілі, і пытанне гэтае не вырашанае дагэтуль”, — патлумачыла супрацоўніца арганізацыі.
Не працуе сёння ў “Гаррэмаўтадары” і адзіная канадская снегаплавільная машына, на змену якой мусіла прыйсці тэхніка айчыннай вытворчасці. Замежную мадэль бралі ў арэнду, але пасля месяца працы вярнулі назад. Палічылі “дарагім задавальненнем”:
“Дорага, натуральна. 360 літраў дызельнага паліва на гадзіну працы. Мы паглядзелі па вопыце эксплуатацыі: дарагавата гэта ўсё”.
Аддзел энергетыкі упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Мінгарвыканкама абяцаў ўвесці ў эксплуатацыю снегаплавільны пункт ў 2016-м годзе. Аднак у нядаўні разгул стыхіі снег па-ранейшаму вывозяць на арганізаваныя ў кожным раёне пляцоўкі.
Як высветлілася, пункт запрацуе не раней, чым пасля заканчэння зімы: у канцы першага–пачатку другога квартала года. Некаторым можа здацца, што ўвесну гэта будзе ўжо не актуальна, аднак начальнік аддзела энергетыкі Дзмітрый Плашкоў тлумачыць усё нарматывамі будаўніцтва:
“Будаўніцтва ж у адпаведнасці з нарматывамі разлічваецца, а не пад пэўны снег, пад пэўны год. Распрацоўваецца праект, ёсць нарматывы будаўніцтва, у адпаведнасці з гэтым і даты ставяцца”.
Снег на такім пункце будзе скідвацца ў шахты і плавіцца за кошт каналізацыйных вод. Але гэта будзе ўжо іншы снег, а не той, што прынесла “Даніэла”.
Калі снегу выпала больш — пасля "Хаўера" ці "Даніэлы"?
Метэаролагі заяўляюць, што "Даніэла" пабіла ўсе апошнія рэкорды і стала самым вялікім снегападам, які быў у Беларусі.