Алесін: Рыхтавацца да гібрыднай вайны нашай арміі трэба ўжо сёння

Так, днямі кіраўнік Беларусі, разважаючы на тэму “гібрыдных войнаў”, заўважае:
 
“Ніхто сёння не будзе падстаўляцца на плошчы пад “Грады” ці “Смерчы”. Калі нехта супраць нас будзе ваяваць — гэта будуць раскіданыя ўзброеныя сілы, мабільныя групы. Мы тым жа павінныя адказваць, наносячы непрымальныя страты агрэсару”. 
 
 
Палкоўнік Андрэй Шубадзёраў, начальнік ваеннага інфармацыйнага агенцтва “Ваяр” упэўнены: беларускаму войску нейкія спецыяльныя рэформы не патрэбныя — яно і так пастаянна рэфармуецца    
 
Андрэй Шубадзёраў: “Мы ўлічваем любы вопыт: і Украіны, і Ірака, і Лівіі, і ўсяго астатняга. Таму, нейкіх сур’ёзных зменаў не патрабуецца. Таму што армія і так пастаянна знаходзіцца ў будаўніцтве і развіцці, нельга казаць, што неабходна, каб тэрмінова нейкія рэформы адбыліся. Нармальна, у звычайным рэжыме рэагуе армія на тыя падзеі і ўсё!”
 
Асобна палкоўнік звяртае ўвагу на тое, што гэтак жа пастаянна рэагуе на ўсе ваенныя канфлікты і іх ваенна-інфармацыйнае агенціва. “Мы ўлічваем усе элементы развіцця інфармацыйнага грамадства і ўсё, што адбываецца наўкол — сёння мы маем усе неабходныя рэсурсы, каб працаваць у інфармацыйнай сферы эфектыўна”, — упэўнівае Еўрарадыё кіраўнік “Ваяра”.
 
Што ж, гэта выдатна. Бо, як паказваюць падзеі ва Украіне, інфармацыйная вайна наносіць не меншую шкоду дзяржаве, чым вайсковая зброя. 
 
Ваенны эксперт Аляксандр Алесін настроены не так аптымістычна. Кажа, Украіна паказала, што беларускім ваенным трэба больш увагі аддаваць стварэнню войск хуткага рэагавання. Бо сёння ўсё вырашае “вайна спецназаў”. Менавіта яны павінныя задушыць “гібрыдную вайну” ў самым яе пачатку — калі ў краіне толькі з’яўляюцца атрады “апалчэнцаў” ці, прасцей кажучы, незаконныя ўзброеныя фармаванні. 
 
Аляксандр Алесін: “Яны (атрады спецназу, — Еўрарадыё) дзейнічаюць на любой мясцовасці, па сваіх індывідуальных якасцях яны ў баі павінны як мінімум не саступаць так званым “паўстанцам”, і адначасова гэтыя войскі павінны быць вельмі мабільнымі і мець дакладныя звесткі пра знаходжанне гэтых фармаванняў. Бо калі не задушыць на карані гэтыя элементы, то ўсё, як мы бачым на прыкладзе Украіны, ператворыцца ў буйнамаштабную вайну з прымяненнем цяжкой артылерыі”. 
 
 
Па словах эксперта, у Беларусі створаныя “Сілы спецыяльных аперацый”, ваенныя аналітыкі вядуць даследаванні ў галіне “гібрыдных войнаў”, але не ўсё ў айчыннага спецназа добра.
 
Аляксандр Алесін: “Гэтым сілам неабходныя спецыяльнае ўзбраенне і баявая тэхніка. А ў іх сродкаў перасоўвання для выканання такіх аперацый няма: выкарыстоўваюць тое, што засталося ад паветрана-дэсантных сіл, — БМД, што атрымалі ад мотастралковых сіл, БТР не самы новы. Ну, і артылерыйскія сістэмы ў іх пераважна тыя, якія трэба буксіраваць. Што не дадае ім мабільнасці і агнявой магутнасці”.
 
Алесін упэўнены: нашы вайскоўцы не выкарыстоўваюць у неабходнай ступені патэнцыял айчынных навукоўцаў і машынабудаўнічай галіны для стварэння беларускай тэхнікі для нашага спецназа. А забяспечыць такія войскі сучаснай замежнай тэхнікай не дазваляюць, упэўнены суразмоўца Еўрарадыё, абмежаванасць фінансаў і коснасць мыслення генералаў у пытанні, чым на самай справе павінны быць нашы ўзброеныя сілы спецыяльных аперацый. 
 
Усё таму, кажа Алесін, што беларускія генералы не зусім разумеюць небяспеку гібрыдных войн. “Невядома, ці будзе вялікая вайна і ці будзе яна — можа, паслязаўтра, але такі канфлікт, як ва Украіне, можа быць ужо заўтра. І да гэтага трэба рыхтавацца сёння”, — папярэджвае эксперт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі